Подых Цянь-Шаню

 Шпацыруючы па горнай лясной сьцежцы ўздоўж бурлівай ручаіны мы ўздымаеся ўсё вышэй і вышэй да аднаго таямнічага возера адкуль і сьцякае вада па гэтаму гаварліваму рэчышчу ў возера, што засталося ўнізе.

Мы толькі што мінулі неймаверна прыгожае, заціснутае між высокіх гор, возера. Вада тут незвычайнага, ізумруднага колеру, і хоць яна была далёка ня цёплаю, здавалася, што вада перацякае ў цёмныя хмары, што часам навісаюць прама над ізумрудным люстэркам.

Па берагах возера ўздымаюцца да нябёсаў елавіны – высокія і вострыя, быццам агромныя сьвечкі, утвараюць высакагорны хваёвы лес, які нечым нагадвае тайгу. “Цяньшанская тайга,”- прамаўляе азіраючыся навокал Алесь Вінчэўскі – вядомы беларускі арнітоляг і старшыня “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. Воляй лёсу мы апынуліся разам з ім і яшчэ двума ня меньш вядомымі асобамі беларускай навукі ў гэтым горным лапніку, побач з крыштальна чыстай і шумнай ручаінай, якая воднай артэрыяй зьвязвае два незвычайна прыгожых возеры.

Прызнацца, я даўно ўжо марыў пабываць менавіта ў такіх мясьцінах – горным лесе з ручаінамі, альпійскіх поплавах з небывалай кьветкавай разнастайнасьцю. Мае мары па крыху здзяйсьняліся, і не зусім просты шлях у тры гадзіны я адолеў з шчасьлівай усьмешкай. Усьміхаўся я ўсяму: птушкам, што зрэдку падавалі галасы ў глыбокіх ялінках; каменьню, што парасло старымі мхамі і папарацьцю, тым самым елкам-сьвечкам, што ўздымаліся па склонах гор да нябёсаў, надвор’ю, якое за час нашай хады зпахмурнела, наваліліся хмары і пайшоў дробны халодны дождж. Прыкра, што рэдкія кроплі не імкнуліся прамачыць лёгкую вопратку, а толькі ахалоджвалі разагрэтае пры высокім пад’ёме цела.

А за пад’ёмам і хавалася другое, яшчэ больш прыгожае і больш таямнічае возера. Дзіўна, але да ўсяго прыгожага ня так проста дабрацца. І хоць мы разумелі, што да возера заставалася недалёка, мы зьдзіліся, як яно ва ўсёй сваёй велічы раптоўна паявілася проста перад нашымі вачыма.

Дробны дождж то сьціхаў, то ізноў мацнеў, усё навакольле азябла ў дробных кроплях, і толькі яліны захоўвалі пад сваёю пышнаю кронай крышачку цяпла. Утульныя сухія мястэчкі пад лапнікам быццам альтанкі віталі нас. Мы залезлі ў адну такую з выглядам на ізумруднае возера, каб крышачку адпачыць і перакусіць. Калі чарговыя хмары мінавалі, мы з радасьцю пакінулі сухое мястэчка і растварыліся ў амаль некранутай прыгажосьці.

Невялічкае схованае чатырма гарамі возера з той жа ізумруднаю вадою ўтварылася ў пазамінулым стагодзьдзі пасьля чарговага землятрусу. На супрацьлеглым беразе яліны нясхільна ўздымаюцца ў гару – каля вады яны высачэзныя, але паступова ўгару елкі губляюць сваю веліч і ўжо даходзяць да верхавіны невысокім хмызняком, увесь час змагаючыся з суровым горным кліматам. Лес спрабуе ахутаць цалкам усе горы, але вышыня і халоднае паветра не дазваляюць дасягнуць гэтай мэты.

Іншая гара, не такая высокая, і лес цалкам пакрыў яе. Сярод елак чуецца гул яшчэ адной ручаіны. Дрэвы захапілі нават безжыцьцёвы скальны выступ, спрабуючы сваімі каранямі разбурыць цьвёрдую пароду. Канешне, часам і гэта не дае плёну, таму дрэвы з высокага абрыву падаюць адразу ў ваду і зцягваюцца да ракі, дзе ўтварылі шырокі затор.

Але паглядзім пад ногі, бо найдзіўнейшае хараство нашай плянэты менавіта тут! Сотні кьветак усіх памераў і колераў раскінуліся дарагім дываном на невялічкай лужайцы. Дзіўна, што кожная кьветка вабіць да сябе, пранікае ў сэрца. Шкада, што батарэя ў здымачы памерла, і захаваць гэтыя моманты можна толькі ў памяці. Ты думаеш, на колькі шчасьлівы людзі, што жывуць у гэтых мясьцінах, забываючы, што і ў нас у Беларусі ёсьць мноства ўнікальных і прыгожых мясьцін. Але ў нас свая прыгажосьць…

Ну што жа, мы крочым назад па той жа сьцяжынцы, яшчэ раз, як пераказ, тыя ж яскравыя малюнкі, як маланкі. Цяпер мы спускаемся ўніз з лёгкасьцю кьветак, што размалявалі бераг і да таго маляўнічага возера.

Крочу і на заўсёды спрабую запомніць усё навакольле; юрту, у якой мы ночылі; вялізарны каньён, па якім мы блукалі ўчора; серпадзюб – таямнічая птушка, што жыве на горных рэках Цэнтральнай Азіі; бурлівую раку з белай ледзяной вадой, у якую прыйшлося лезці, каб убачыць гэтую рэдкую птушку =).

 

Каментары