Водасховішча ля Бростаў: рыбакі і коўры без птушанят

У мінулую суботу пасьля праверкі выкананьня студэнтамі групавых заданьняў пад’ехалі на водасховішча. Было ўжо пасьля абеду. Нашу ўвагу прыцягнулі некалькі машын, адны з іх стаялі адразу за паваротам на водасховішча перад шлагбаўмам, іншыя – перад складам сухога корма для рыб.


Уладальнікі (ці арандатары) – калгас з Капцёўкі - высек дрэвы ды трысьнёг у вокнах шырынёй 2-3 мэтры на працягу амаль усяго берага ад дарогі і зрабіў 51 “нумар” для рыбакоў. Рыбакі, якія заплацілі за нумары, былі. Але птушак  было не шмат. Найбольш было лысак, але толькі некаторыя з іх былі з 1-2 ўжо падрослымі птушанятамі. Крыжанкі былі адзінкавыя. 4-5 чубатых ныркоў (адзін з іх самец экліпс – гл. Здымак), 7 лебедзяў-шыпуноў (здаецца, 2х гадовых, бо ўжо белыя, а дзюбы шэравата-ружовыя). Аднак найбольш здзівілі вялікія коўры. Агулам іх было каля 30, некаторыя плавалі групамі да 10 птушак. Але ў адрозьненьне ад іншых месцаў, дзе паласатыя птушаняты даганяюць памерамі бацькоў, сярод іх не было ніводнага малога!
Ў чым прычына такога масавага бясплоддзя коўраў менавіта тут – застаецца загадкай.
На здымках: вялікая коўра
Самец чубатага нырка экліпс
Лыска
“Нумар” для рыбака
 

Фотаздымкі