Чарговая экскурсія на птушак даліны Свіслачы і Нёману пачалася не зусім звычайна - перад уездам у вёску Дарошавічы мы заўважылі сокала, які хутка і нізка ляцеў над полем. Потым сокал сеў, але без бінокля было далекавата, каб добра разгледзець яго.
Пакуль мы раскручвалі трубы, птушка паляцела далей у бок вёскі, але там, на дрэвах саду праз некалькі секунд "ператварылася" у карагольчыка. Так мы і не зразумелі, ці то з самага пачатку быў карагольчык, ці то сокал-дрымлюк. А карагольчык і сядзеў у садзе адначасова з сокалам на поле...
Аднак пачатак быў выдатны - свяціла яркае і нязвыклае для восені сонца, мароза ўжо не было, хаця ў цяні высокай сухой і пажухлай травы бялеў шарак.
На Нёмане - на колькі можна было бачыць з пагорку Дарошавіч - сядзелі качкі-крыжанкі і адзінкавыя вялікія белыя чаплі. Хутка пачалі пралятаць у бок Свіслачы вялікія бакланы (якіх потым аказалася пад 200 птушак), а потым і група шыпуноў з характэрнай размрвай крылаў і клікуноў, якія час ад часу пакрыквалі:
Лыскі і вялікія воўры ў невялікай колькасці плавалі ў нашага берагу. А вось далей, амаль на максімуме трубаў мы выглядзелі першага сёлетняга чорнаваллёвага гагача! Для усіх, акрамя мяне, гагач стаў першым, але не апошнім новым відам.
Юры К., які прыехаў да нас з Ліды, заўважыў нейкіх качак таксама бліжэй да супрацьлеглага берагу:
Таксама амаль на максімуме павелічэння атрымалася разгледзець від з Клубу200 - ныркоў-свіркоў!
Добра былі бачныя чорныя самцы з жоўтым аснаваннем дзюбы і белыя плямы за вокам, і сярод іх адна больш карычневая самка. Аднак з-за адлегласці нават лепшых дакументацыйных здымкаў не атрымалася.
Бліжэй да насыпанай чалавекам касы стала больш лысак і вялікіх коўраў, а ў яе края плавалі самкі або маладыя вялікія савукі.
Увогуле, савукі гняздуюць тут недалёка на Свіслачы. Таму, паўночныя гэта госці ці нашыя птушкі, сказаць немагчыма.
Паўсюль лятала насенне рагозу, пабліскваючы на сонцы і прытупляючыўвагу. Таму зусім нечакана з некалькі метраў узляцеў кулік з доўгай дзюбай і няроўным палётам. А праз нейкі час - другі. Бакасы. Яны могуць заставацца ў нас на зіму, таму і дзіўляюць нас не вельмі моцна.
Вакол выступаў касы было некалькі рыбакоў на лодках, таму і птушак там не было. А бліжэй да Свіслачы рэгулярна ныралі некалькі гагалей - як і савукі, магчымыя госці з поўначы.
На гэтым нашы назіранні на Нёмане скончыліся і мы пераехалі на вадасховішча ў вёскі Карозічы, дзе нас чакалі некалькі качак, амаль усе - крыжанкі, але таксама лебедзі-шыпуны, лыскі, у невялікай колькасці малыя і вялікія коўры, чубатыя ныркі, вялікія белыя і шэрыя чаплі.
Зусім нечакана да іх падляцелі белалобыя гусі:
Рыбакоў на вадасховішчы было няшмат. Да таго ж прыемнай навіной для нас стала абвестка, што з 1 лістапада рыбалка тут закрываецца да сапраўднай зімы з тоўстым лёдам. А непрыемнай - сведчанне аднаго з ахоўнікаў пра чарговую ахвяру мясцовых шматлікіх ліній ЛЭП - маладога лебедзя...
Вялікія бакланы ў невялікай колькасці сядзелі на розных прысадах, вакол іх і бліжэй да нас, рэгулярна пакрыкваючы, пераляталі і спрабавалі рыбачыць 4 чайкі-рыбачкі.
Насупраць нас спрабаваў паляваць на птушак шуляк-галубятнік - яго баяліся нават чаплі, якія адляцелі далей ад прысады драпежніка, але ў яго нічога не атрымалася.
А вось нам ізноў пашанцавала - дзіўнаваты адзінкавы баклан, які час ад часу ныраў, аказаўся першым для вадасховішча і другім для экскурсіі чорнаваллёвым гагачом! Шкада толькі, што птушка вельмі хутка паплыла да супрацьлеглага берагу, дзе працягвала ныраць і з'яўляцца на рознай адлегласці ад месцаў папярэдняга назірання і вышукваць яго ў трубу было справай цяжкай і малаўдзячнай.
Калі мы ўжо вярталіся да машыны, я выглядзеў яшчэ адзін новы від для ўсёй маёй кампаніі - тры самкі (або маладыя птушкі) савука-лутка. Хутчэй за ўсё, менавіта апошнія марозы на Балтыцы прываднілі іх на вадасховішчы, бо летам у Беларусі іх можна сустрэць толькі ў адным месцы на Гомельшчыне.
Пад час нашага пераезду на балота Грайна Юры ўбачыў над полем нечакана шмат светлых птушак. Яны, насуперак чаканню, аказаліся не чайкамі, а сотнямі залацістых севак, якія пад час пералётаў падаліся на сонцы вельмі светлымі. Гэта быў яшчэ адзін новы від для усіх новых назіральнікаў. Недалёка ад севак палявалі і сядзелі на палетках канюхі, прычым ўсе пяць - касматаногія.
А на балоце нас чакаў першы лёд, па якім спрабавалі хадзіць лебедзі-клікуны:
На гэтай зімовай ноце і скончыліся нашы назіранні.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Yavorets T - 28.10.2014 - 22:46
Насычаная экскурсія
Насычаная экскурсія атрымалася. Аж зайздрастна стала)))). Асабліва гагачоў хацелася б убачыць і свіркоў.
Клас!
Прыемна, што і студэнты зацікавіліся.
Harrier - 28.10.2014 - 23:05
In reply to Насычаная экскурсія by Yavorets T
У нядзелю будзе магчымасць
У нядзелю будзе магчымасць узяць на два барты ажно 12 чалавек. Так што месцаў усім павінна хапіць - запрашаем!