У нарвежскім лёдзе знайшлі дразда-белабровіка, якому 4200 гадоў

белабровы дрозд

Унікальная знаходка была выпадкова зроблена ў Нарвегіі – там знайшлі дразда-белабровіка (Turdus iliacus) ў ледзяной глыбе. Як аказалася пасля праверкі яго магчымага ўзросту, птушка праляжала там без пашкоджанняў больш 4 тысяч гадоў!

Як паведаміў тэлеканалу NRK Ёрген Росвальд (Jørgen Rosvold) з Norwegian University of Science and Technology: “Дрозд быў знойдзены ахоўнікам з Нарвежскага агенцтва навакольнага асяроддзя на ўскрайку гор і мы нават не маглі ўявіць наколькі даўно там ляжыць змёрзлая ў лёд птушка.”

Сапраўдны ўзрост атрымалася выявіць пасля радыёуглероднага аналізу і атрыманы вынік можна лічыць фантастычным.

“Нікому з нас яшчэ не давялося бачыць і тым больш зазірнуць унутр птушкі, якой больш за 4 тысячы гадоў” – сказаў Ёрген. Усе ўнутраныя ворганы выглядаюць захаванымі ў добрым стане і дадуць магчымасць лепш зразумець тагачасныя ўмовы жыцця птушкі. Вялікая колькасць падскуранога тлушча сведчыць пра тое, што дрозд быў у добрым стане, калі раптам яго нехта злапаў.

“Хутчэй за ўсё гэта зрабіла ліса або расамаха. Мы ведаем, што расамахі прыхоўваюць сваю здабычу ў лёдзе, каб яна не псавалася летам. Магчыма, што расамаха злавіла і схавала дразда, а знайшлі яго ўжо мы праз 4200 гадоў” – сказаў Ёрген.

 

Паводле www.thelocal.no падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.hbw.com

 

 

На гэтую тэму:

У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!

Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!