Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!

Сокал Элеаноры (Falco eleonorae) – напэўна, самы позні гняздуючы від Паўночнага паўшар’я. Сокалы пачынаюць гнездаваць на невялікіх скалістых астраўках у Міжземным моры толькі ў ліпені- жніўні, калі пачынаецца масавая восеньская міграцыя вераб’іных птушак праз гэтыя месцы. У залежнасці ад яе асаблівасцяў і колькасці магчымай здабычы, сезон гнездавання ў віда таксама заканчваецца вельмі позна – ажно ў кастрычніку.

Па-за сезонам гнездавання галоўная катэгорыя здабычы сокалаў – насякомыя. Аднак у гнездавы час склад харчавання радыкальна змяняецца на дробных і сярэдняга памеру птушак, у асноўным вераб’іных, таксама сокалы ловяць і свіргулёў, і нават удодаў. 

Пад час палявых даследаванняў на архіпелагу Mogador, які ляжыць ля гораду Essaouira на атлантычным узбярэжжы Марока, група тамтэйшых навукоўцаў адзначыла незвычайныя паводзіны сакалоў пад час гнездавання: яны спецыяльна назапашвалі жывую здабычу недалёка ад сваіх гнёздаў! Гэта першая рэгістрацыя падобных паводзін для якога-небудзь віду птушак.

Каб быць упэўненымі, што іх жывая здабыча не адляціць, сокалы вырываюць злапаным птушкам махавыя і рулявыя пёры, або засоўваюць у цесныя і вузкія расшчыліны ці дзіркі ў скалах, з якіх ахвяры не могуць самастойна вызваліцца (гл. здымкі):

Шматгалосая перасмешка (Hippolais polyglotta), знойдзеная ў расшчыліне без махавых і рулявых. Востраў Mogador, Morocco, верасень 2014 (фота: Abdeljebbar Qninba)

Шэрая леска (Sylvia communis), засунутая ў вельмі вузкую адтуліну. Востраў Mogador, Morocco, верасень 2014 (фота: Abdeljebbar Qninba)

Аўтары пішуць у артыкуле, што падобныя паводзіны былі адзначаныя імі нават у параў перад адкладкай яек. Інтэрпрэтацыя адзначанага параўнальна простая: сокалы трымаюць жывой здабычу 1-2 дні (дакладны перыяд невядомы), каб мець магчымасць у патрэбны момант харчавацца. Таму што мёртвая здабыча, калі яна назапашана і праляжыць каля гнязда нейкі час, хутка высыхае так, што робіцца неспажыўнай для птушак.

Само ж назапашванне звязана з моцнай залежнасцю пралёту вераб’іных ад кірунку ветру- калі вецер мяняецца на паўднёвы, ён перашкаджае міграцыі і яна можа прыпыняцца на нявызначаны час. А, значыць і магчымасць сокалаў злапаць хоць нешта ў адкрытым моры.

Крыніца:

Qninba A, Benhoussa A, Radi M, El Idrissi A, Bousadik H, Badaoui B & El Agbani, M A. 2015. Mode de prédation très particulier du Faucon d’Éléonore Falco eleonorae sur l’Archipel d’Essaouira (Maroc Atlantique). Alauda 83(2): 149-150.

Паводле  www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак цёмнай морфы сокала Элеаноры з www.theparanoidbirder.blogspot.com.by

 

На гэтую тэму:

Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў

Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі

ГЛЯДЗІ ЗА СУСЕДЗЯМІ – МОЖА ЯНЫ НЕ ТЫЯ, НА КАГО ПАДОБНЫЯ?

НЕЗВЫЧАЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ: ПТУШАНЯТЫ ВУЧАЦЬ ПАРОЛЬ, КАБ ІХ КАРМІЛІ БАЦЬКІ

Нечаканае адкрыццё ў Мексіцы: некаторыя мігранты гняздуюць там другі раз пад час міграцыі!

 

 

Comments