Птушкі, якія праводзяць лета ў Паўночнай Амерыцы, ўпершыню былі знойдзены гняздуючымі другі раз пад час сваёй міграцыі ў Паўднёвую Амерыку.
Навукоўцы, якія вывучалі птушак, гняздуючых у ЗША і Канадзе, вывучалі ліньку гэтых відаў у Мексіцы, дзе яны прыпыняюцца пад час міграцыі на зімоўку. Зусім нечакана выявілася, што параўнальна шмат відаў “арганізуюць” тут сабе дадатковы гнездавы сезон.
Пяць невялікіх відаў птушак з розных атрадаў былі знойдзены гняздуючымі замест лінькі ў ліпені і жніўні ў тры паслядоўных сезона назіранняў у 2005-07 гг.. Гэта жоўтадзюбая зязюля, садовая і чубатая авяльгі, іктэрыя (Icteria virens) і вірэа Кассіна. Для ўсіх гэтых відаў былі знойдзены самкі з сухімі і голымі наседнымі плямамі, якія паказваюць, што гэтыя асобіны ўжо гнездавалі раней у гэтым сезоне. Аднак нідзе паблізу не было зарэгістравана маладых птушак – а гэта магло б сведчыць, што самкі гнездавалі першы раз таксама тут.
У артыкуле, апублікаваным у часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences, даследчыкі пішуць, што ‘актыўныя’ гнёзды былі знойдзены для двух відаў з пяці, аднак самцы ўсіх пяці спявалі і баранілі тэрыторыю або самак ад іншых самцоў свайго віду, што яўна сведчыць пра гнездавыя паводзіны. Дадаткова, ізатопны аналіз тканак паказаў, што птушкі нядаўна прыляцелі ў Заходнюю Мексіку з больш паўночных тэрыторый.
"Гэта вельмі нечаканае і адмысловае назіранне!” – так пракаментаваў адкрыццё праф. Сіэвэрт Роўэр (Sievert Rohwer) з універсітэту Вашынгтана ў ЗША, “Мы назіралі гэтых птушак гняздуючымі і былі цалкам здзіўленыя”.
Паўторнае гнездаванне пад час міграцыі ўжо было адзначанае ў двух відаў птушак са Старога Свету пад час вяртання на поўнач. Паўторнае ж гнездаванне пад час міграцыі на поўдзень, як і для птушак Новага Свету, зарэгістраванае ўпершыню.
Адкрыццё парадзіла шмат пакуль неадказаных пытанняў. Атрымліваецца, што, напрыклад, садовыя авяльгі першы вывадак вывелі на сярэднім захадзе ці ў паўднёва-цэнтральных штатах ЗША, а другі – на заходнім узбярэжжы Мексікі. Як жа маладыя птушкі знаходзяць тыя ж самыя месцы зімоўкі віду ў Цэнтральнай Амерыцы?
Жоўтадзюбая зязюля амаль перастала сустракацца ўздоўж заходняга ўзбярэжжа ЗША, галоўнай прычынай гэтага лічаць знішчэнне там яе месцапражыванняў. А можа насамрэч справа ў тым, што лясы на паўночным захадзе Мексікі – месцах другога гнездавання віду – ператвараюць у асушаныя індустрыяльнага тыпу фермы. І таму від выводзіць замала птушанят, каб падтрымліваць сваю папуляцыю ўстойлівай, бо без птушанят з паўторнага гнездавання іх для гэтага замала?
"Адкрыццё паказвае, што многія з мігрантаў – і тых, што тут ліняюць, і тых, для якіх атрымалася даказаць паўторнае гнездаванне – залежаць ад стану калючкавых лясоў, якія становяцца вельмі прадуктыўнымі ў сезон мусонаў. Біёлагі тэарэтычна здагадваліся, што трэба надаваць больш увагі вывучэнню такіх месцаў, важных для прыпынкаў мігрантаў, аднак у большасці выпадкаў да іх аховы не даходзіла” – падкрэсліў праф. Роўэр.
На здымку з University of Washington/Burke Museum паўторная кладка садовай авяльгі, знойдзеная ў Мексіцы.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
АV (госць) - 29.10.2009 - 11:22
"Як жа маладыя птушкі