Самцы многіх відаў птушак кормяць самак у перыяд заляцання. І такая ежа забяспечвае самак энергіяй і рэчывамі для фармавання яек. Зразумела, што самцы могуць спрабаваць абмяняць ежу на капуляцыю па-за парай (extra-pair copulation, EPC). Што адбываецца, калі самкі хочуць атрымаць дадатковую ежу ад чужога самца, але не хочуць дапусціць да капуляцыі з ім, правяралі польскія даследчыкі на прыкладзе гнездавой папуляцыі белашчокіх рыбачак (Chlidonias hybrida).
Назіранні праводзілі на адным з рыбгасаў на поўдні краіны, дзе разводзяць карпаў. Звычайна пасля прапановы здабычы ад "свайго" самца самцы, яны пагаджаліся на капуляцыю з ім. Усяго атрымалася назіраць 2751 падобныя ўзаемадзеянні рыбачак пад час перадінкубацыйнага перыяду - г.зн. перад пачаткам адкладкі яек самкамі. У сярэднім кожная 10-я спроба абмяняць ежу на капуляцыю адбывалася ад чужых самцоў, аднак у 61% падобных выпадкаў самкі не былі зацікаўленыя ці актыўна праганялі такіх самцоў. І толькі 0,7% ад усіх падобных спробаў ЕРС скончыліся капуляцыямі. Што адбывалася ў 38% іншых спробаў, расказвае адзін з даследчыкаў.
Матэуш Ледвонь (Mateusz Ledwoń), галоўны аўтар публікацыі і супрацоўнік Інстытуту сістэматыкі і эвалюцыі жывёл Польскай нацыянальнай акадэміі навук у Кракаве, тлумачыць: "На рыбгасе пад Заторэм ва ўмовах лёгкай даступнасці ежы самцы белашчокіх рыбачак пад час перыяду заляцанняў прапануюць чужым самкам сваю здабычу (пыбку, апалонікі і дп) ў абмен на капуляцыю. Зразумела, што для самца гэта выдатная інвестыцыя: невялікім намаганнем ён злавіў здабычу і мае шанец замяніць яе на капуляцыю, у выніку якой можа стаць бацькай птушанят, якіх будзе гадаваць іншы самец. Самкі перад адкладкай яек павінны назапасіць адпаведную колькасць энергіі і рэчываў, прыкладна трэцяя частка масы іх цела будзе выкарыстаная для гэтага, таму кожная прынесеная самцом здабыча - на вагу золата. Аднак самкі таксама хочуць застацца вернымі абранаму раней партнёру і таму стараюцца атрымаць ежу дзякуючы падману. Заахвочваюць чужога самца да капуляцыі і ў той момант, калі ён сядае на спіну самцы (і ўвесь час трымае рыбку ў сваёй дзюбе) і засяроджаны на будучым палавым акце, самка карыстаецца гэтым момантам. Яна вырывае здабычу з дзюбы з самца і праганяе яго, не дапускаючы да капуляцыі. Самцы не губляюць шмат, бо здабычы шмат і яна лёгкадаступная. Самкі ж, асабліва тыя, якіх свае самцы недастаткова кормяць, атрымліваюць дадатковую здабычу задарма. Аднак толькі ў 39% выпадкаў самкі прабавалі падмануць чужых самцоў, у іншых напэўна, не былі галоднымі."
Крыніца:
Mateusz Ledwoń & Grzegorz Neubauer (2018) True deception during extra‐pair courtship feeding: cheating whiskered tern Chlidonias hybrida females perform better. J. of Avian Biology 49: June 2018 https://doi.org/10.1111/jav.01503
Паводле www.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Alexander Erdmann
На гэтую тэму:
ЧАМУ Ў СТАРЭЙШЫХ САМЦОЎ БОЛЬШ ПАЗАШЛЮБНЫХ ПАТОМКАЎ?
Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
ХТО КАГО ВЫБІРАЕ Ў ВЯЛІКІХ СІНІЦ І ЧАМУ?
ПТУШКІ ПАКАЗАЛІ ЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПЕРАВАГІ ЗАКАХАНАСЦІ
Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы
Як “гэта” складана ў качак, або пра асаблівасці сэкса вадаплаўных
Канфлікт палоў і яго незвычайнае рашэнне ў качак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ