Прапанова легальна забіваць белашчокіх казарак у Заходняй Еўропе адхіленая

белашчокая казарка

Нарвегія звярнулася з афіцыйнай прапановай у Пастаянны камітэт Бернскай канвенцыі (Standing Committee of the Bern Convention), каб зменшыць ахоўны статус белашчокай казаркі (Branta leucopsis) і мець магчымасць легальна, у вялікіх маштабах, забіваць гэтых птушак. Аднак на паседжанні, якое адбылося на гэтым тыдні ў Страсбургу, гэтая прапанова не была падтрыманая.

Колькасць белашчокіх казарак, якія гняздуюць на нарвежскім архіпелагу Svalbard, а зімуюць у Вялікабрытаніі, павялічылася з троху больш тысячы ў 1940-я гады да 42 тысяч у апошнія зімы. Часткова гэта вынік прынятых мер па захаванню віду, які яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму знаходзіўся на мяжы знікнення.

Нарвегія хацела перамясціць від з Дадатку ІІ да Бернскай канвенцыі ў Дадатак ІІІ, што дазволіла б “кантраляваць колькасць прадстаўнікоў віду на сельскагаспадарчых землях і вакол аэрапартоў”. У некаторых мясцовасцях гэтыя невялікія гусі лічацца шкоднікамі (калі харчуюцца на усходах), тады як вялікія групы птушак уяўляюць небяспеку для нізка лятаючых траспартных сродкаў.  

Прадстаўнікі брытанскага Wildfowl and Wetlands Trust (WWT) галасавалі супраць змяншэння ахоўнага статусу для віда і ў падтрымку прадставілі вынікі навуковых даследаванняў, праведзеных таксама ў рэзерваце WWT Caerlaverock Wetland Centre, дзе казаркі зімуюць і ахоўваюцца з 1970-х.

Джэймс Робінсан (James Robinson), дырэктар WWT па прыродаахоўных пытаннях, сказаў пасля паседжання: "Нам вельмі прыемна, што ў белашчокіх казарак і надалей будзе бяспечная будучыня і што дзесяцігоддзі працы па іх захаванні не пойдуць на глум. Гэта не будзе праблемай для фермераў і аэрапартоў, - у абмежаванай колькасці выпадкаў яны і цяпер могуць кантраляваць колькасць птушак легальна”.

"Мы верым у тое, што прадстаўленыя факты дапамаглі не прыняць кепскае рашэнне. Нашы даследаванні і маніторынг паказалі, што сучасны статус аховы для белашчокай казаркі добра працуе і мы глядзім у будучыню, каб дапамагчы стварыць новы, заснаваны на апошніх дадзеных, план кіравання відам”.

“Белашчокая казарка была занесена ў Дадатак ІІ да Канвенцыі тады, калі ёй пагражала рэальнае знікненне. Хаця з таго часу колькасць птушак хутка павялічылася, WWT пакуль не бачыць сэнсу змяншаць ахоўны статус віду і глава 9 Бернскай канвенцыі эфектыўна дазваляе вырашыць канфлікты паміж птушкамі і сельскай гаспадаркай ці іншымі сферамі дзейнасці чалавека калі гэта сапраўды неабходна”.

Хаця белашчокая казарка ў апошнія гады часцей стала сустракацца ў Беларусі пад час вясновага і восеньскага пралёту, і яе рэгістрацыі з гэтага году больш не патрабуюць разгляду Беларускай арніта-фауністычнай камісіі, від аднак застаецца параўнальна рэдкім і жаданым для нашых бёрдуотчараў.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак

Казаркі цягнуцца ў гарады