Лыскі дапамагаюць самым малодшым птушанятам, але калі тыя пражывуць хаця б 10 дзён

Для многіх відаў з нестабільнымі харчовымі рэсурсамі вядома стратэгія інкубацыі з першага адкладзенага яйка. Гэта прыводзіць да рознаўзроставых птушанят у адным вывадку і розных шанцаў на іх выжыванне калі ежы не хапае для ўсіх. Аднак пасля 20 гадоў даследаванняў аказалася, што амерыканскія лыскі маюць унікальнае ўдасканаленне гэтай стратэгіі асінхроннага вылуплення, якое атрымалася апісаць упершыню.

Амерыканскія лыскі (Fulica americana) -  шырокараспаўсюджаныя у Паўночнай Амерыцы вадаплаўныя птушкі, у якіх дарослыя асобіны афарбаваныя ў чорна-шэры колер з белай дзюбай, тады як птушаняты ў першыя тыдні жыцця акрамя чорнага пуху, маюць ярка-чырвоную голую скуру на галаве і не менш яркую дзюбу, а таксама ярка-аранжавыя пух і пер’е. Новае даследаванне змагло растлумачыць у чым сэнс такой яркай афарбоўкі птушанят і якія гэта дае ім перавагі.

Папярэднія даследаванні паказалі, што лыскі-бацькі пераважна кормяць ярка афарбаваных птушанят у параўнанні з менш ярка афарбаванымі. Такім чынам больш яркая афарбоўка яўна дае перавагі такім птушанятам з-за лепшага дагляду бацькоў.

Галоўны аўтар публікацыі, праф. Бр’юс Лайон (Bruce Lyon) з універсітэту Санта-Круз (ЗША) сказаў, што дагэтуль было не зразумела, чаму лыскі-бацькі выдзяляюць больш ярка афарбаваных птушанят і лепш іх даглядаюць?

"А гэта вельмі цікавае пытанне і існуюць гіпотэзы, якія дапускаюць маніпуляцыі з боку птушанят, якія такім чынам маглі б атрымліваць больш ежы. Таму ў гэтым нашым даследаванні мы праверылі разнастайнасць афарбоўкі птушанят лысак."

Для палявых работ былі абраныя некалькі месцаў у Брытанскай Калумбіі, дзе Лайон і яго сааўтар па публікацыі Дайдзабура Шыдзука (Daizaburo Shizuka) з University of Nebraska-Lincoln і раней збіралі яйкі на гнёздах лысак і інкубавалі ў інкубатары да вылуплення птушанят. Пасля гэтага, з дапамогай фотаспектрафатометра, яны вызначалі і дакладна апісвалі афарбоўку птушанят. Акрамя гэтага, яны ведалі ад якой пары паходзіць птушанё, парадак адкладкі і вылуплення на кожным гняздзе і ў многіх выпадках – ці яйка было падкінута іншымі лыскамі, ці сапраўды належыць да тых птушак, якія даглядалі за кладкай. Такім чынам былі сабраныя дадзеныя пра амаль 1500 лысанят.

"У нас была свая гіпотэза – што птушаняты з падкінутых іншымі лыскамі яек могуць быць больш ярка афарбаванымі каб атрымаць перавагі ад прыёмных бацькоў” – сказаў Лайон. “Аднак шокам для нас стала тое, што такія птушаняты былі менш яркімі!”

птушкі

Парадак вылуплення – адказ на пытанне

І адгадка прыйшла з іншага боку – калі сталі правяраць парадак вылуплення птушанят і іх афарбоўку. Звычайна лыскі адкладваюць каля 10 яек, прыкладна адно ў суткі. З-за таго, што птушкі пачынаюць іх інкубаваць пасля адкладкі першага, суседнія па датах птушаняты вылупляюцца з інтэрвалам у суткі і з адпаведнай розніцай з іншымі. Атрымалася, што найбольш познія птушаняты ў вывадку – найбольш ярка афарбаваныя.

"Гэта падказала нам, што птушаняты не могуць кантраляваць сваю афарбоўку, таму што яны не ведаюць якімі вылупляліся. І гэта сапраўды быў “мацярынскі эфект” – хутчэй за ўсё самка дадавала больш пігментаў-караціноідаў у апошнія яйкі” – сказаў Лайон.

Тады ўзнікла наступнае пытанне: чаму маткі ‘пазначаюць’ такім чынам сваіх апошніх птушанят? Справа ў тым, што амерыканскія лыскі адкладваюць параўнальна невялікія яйкі з надзеяй на тое, што пры дастатковай даступнасці ежы, усе птушаняты змогуць выжыць. Аднак у рэальнасці ў сярэднім палова з іх не дажывае да вылета з-за голаду.

"Такім чынам лыскі не адкладваюць менш яек, якія будуць больш энергетычна каштоўнымі для іх і могуць выгадаваць кожны раз максімум з таго, што магчыма ў гэтым сезоне” – сказаў Лайон.

Птушаняты паміраюць у асноўным у першыя 10 дзён пасля вылуплення і ў гэты час бацькі не праяўляюць ніякай выбарчасці ў адносінах да афарбоўкі птушанят: кормяць любога, хто акажацца першым каля іх дзюбы з ежай. Зразумела, што старэйшыя – больш раннія – птушаняты маюць перавагу ў адносінах да маладзейшых і меншых памерамі сіблінгаў і звычайна сярод загінулых ад голаду пераважаюць менавіта малодшыя.

Аднак шмат што змяняецца прыкладна праз 10 дзён пасля таго, як апошні з птушанят вылупіцца. Бацькі пачынаюць карміць пераважна найменшых і самых маладых. Кожны з бацькоў выбірае сабе “фаварыта”, і гэта адзін з самых ярка афарбаваных птушанят, якія вылупіліся аднымі з апошніх і дажылі да гэтага. Адносіны бацькоў змяняюцца не толькі да самых малодшых, але і самых старэйшых – і большых памерамі – птушанят. Яны праяўляюць агрэсію да іх, трасуць, хапаючы за шыю, калі такія птушаняты падплываюць заблізка да дарослых птушак, ці, па меркаванні апошніх, зашмат ядуць. Паступова малодшыя і меншыя птушаняты, “фаварыты” бацькоў, даганяюць па памерах і масе старэйшых сіблінгаў.

"Самец і самка дзеляць вывадак і кормяць прыкладна па палове птушанят. Да таго ж кожны з іх выбірае фаварыта. Менаваіта афарбоўка паказвае, хто будзе абраны. І гэта - самыя малодшыя пазасталыя ў жывых птушаняты, якім патрэбна найбольшая дапамога ад бацькоў” – тлумачыць Лайон.

Чаму птушаняты з падкінутых яек- не самыя ярка афарбаваныя?

Сувязь афарбоўкі птушанят з чарговасцю іх вылуплення дапамагае растлумачыць чаму з падкінутых іншымі лыскамі яек звычайна вылупляюцца птушаняты не самыя яркія у вывадку прыёмных бацькоў. Паводле назіранняў, самкі падкідваюць у гнёзды іншых пар звычайна свае першыя яйкі, і, значыць, птушаняты з іх вылупляюцца найменш ярка афарбаваныя.

"Аказалася, што лыскі – вельмі складаныя па паводзінах птушкі. Больш 20 гадоў мы стараемся зразумець іх рэпрадуктыўныя паводзіны і тое, што мы зараз знайшлі, аказалася яшчэ адной цікавай адаптацыяй” – сказаў Лайон.

Крыніца:

Bruce E. Lyon el al., "Extreme offspring ornamentation in American coots is favored by selection within families, not benefits to conspecific brood parasites," PNAS (2019).www.pnas.org/cgi/doi/10.1073/pnas.1913615117

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі з www.birdnote.org

 

 

На гэтую тэму:

Лыскі адрозніваюць сваіх птушанят ад чужых

Голая скура патрэбна для дамінацыі ў групе – чым яе больш, тым лепш