“Нашы птушкі-2010” ва ўніверсітэце

   На працягу гэтага тыдня фотавыстава Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) пад назвай “Нашы птушкі – 2010” будзе займаць ўтульнае фае на другім паверсе галоўнага корпусу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я.Купалы. Студэнты і выкладчыкі змогуць за пяць дзён бліжэй пазнаёміцца з птушкамі Беларусі, розныя моманты з жыцця якіх змаглі зафіксаваць Дзьмітры Якубовіч, Мікалай Гулінскі, Георгій Гулеўскі, Леанід Шчаглоў, Дзьмітры Вінчэўскі і Віктар Вясько.

   Дарэчы, некаторыя з гэтых ды іншыя фотаздымкі гэтых аўтараў нашы карыстальнікі могуць знайсці ў Галерэі нашага сайту.
Шчыра дзякуем Васілію Мікалаевічу Бурдзю, Кацярыне Бяловай, Дзянісу Табунову і Яўгену Сліжу за дапамогу ў арганізацыі і адкрыцці фотавыставы ва ўніверсітэце.
   Амаль 50 фотаздымкаў пераехалі ва ўніверсітэт з сярэдняй школы №35, дзе фотавыстава гасцявала ўжо трэці год запар, а яе ўрачыстае адкрыццё на пры канцы лютага традыцыйна адбылося ў гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага пад час штогадовай канферэнцыі Гродзенскага аддзялення АПБ. Дарэчы, менавіта там пад час галасавання усіх прысутных за лепшы здымак у пяты раз пераможцам быў прызнаны Мікалай Гулінскі.
Пасля ўніверсітэту фотавыставу ўжо чакаюць у Гродзенскай спецыялізаванай школе для дзетак, якія слаба чуюць. Там навучаюцца вучні, якія на абласным этапе мастацкага конкурсу “Шэрая гусь - Птушка 2009 года” занялі ў сваёй узроставай групе 1 і 2 месца.
Палёт толькі пачынаецца, і наперадзе сустрэчы “Нашых птушак” з тысячамі жыхароў Гарадзеншчыны.

Дзьмітры Вінчэўскі,
Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, фота аўтара

Comments