Пачатак міжнароднага прызнання

    Адзін з самых таленавітых і працавітых фатографаў, які выстаўляе свае здымкі і трапныя назіранні за птушкамі на нашым сайце – Дзьмітры Якубовіч з Гродна – дачакаўся міжнароднага прызнання свайго таленту. У мінулыя гады яго здымкі з’явіліся не толькі на вокладцы часопіса АПБ “Птушкі і мы” і ў іншых выданнях нашай арганізацыі, але і ў расейскіх выданнях: “Красной книге Московской области” (2008) і “Атласе-определителе “Птицы Европейской части России” (2009).

    На сайтах фотаанімалістаў Беларусі, Расіі і Польшчы яго працы высока ацэньваюцца калегамі. А цяпер прыйшоў час і больш далёкіх ад нас краін: яго здымак зімародка змешчаны на плакаце-календары, прысвечаным Птушцы 2010 году ў Кыргызстане.
На мінулым тыдні яго здымак звычайнай зязюлі (гл. ілюстрацыю да гэтага артыкула) быў абраны як найбольш адпаведная выява для вырабу значка, які будзе распаўсюджвацца ў наступным годзе сярод усіх еўрапейскіх партнёрскіх арганізацый міжнароднай асацыяцыі BirdLife International у рамках панеўрапейскай кампаніі SpringAlive.

    Віншуем з выдатнымі дасягненнямі і зычым новых поспехаў!

Апошнія здымкі Дзьмітрыя з сумеснай з польскімі фотаанімалістамі выправы на Палессе можна паглядзець тут : 08 - 14. 04. Кудричи - Телеханы. Фотоотчёт.

Здымак звычайнай зязюлі – Дзьмітрыя Якубовіча.
Дзьмітры Вінчэўскі

Comments