Ірландскай папуляцыі горных чачотак пагражае рэальная небяспека знікнення. Арганізацыя BirdWatch Ireland у сувязі з гэтым прапанавала канкрэтныя крокі, каб выратаваць гэты від на востраве.
Горная чачотка (Acanthis flavirostris) – адзін з 18 відаў, якія апынуліся у Чырвоным спісе Ірландыі таму што адбываецца хуткае змяншэнне памеру іх папуляцый і агульная колькасць птушак ацэньваецца ўсяго ў 50-100 гняздуючых пар.
Галоўныя месцы гнездавання горных чачотак у Ірландыі - гэта паўночны Mayo і заходні Donegal.
Д-р Дэрэк МакЛаўглін (Dr Derek McLoughlin), эксперт па гэтаму віду птушак, сказаў, што горная чачотка знікла амаль паўсюль на востраве. А там, дзе яна яшчэ гняздуе, трэба ўсталяваць спецыяльныя ахоўныя тэрыторыі. І хаця дзякуючы птушкам, якія прылятаюць на зімоўку з Шатландыі, колькасць чачотак узімку павялічваецца да прыкладна 1000 асобін, мясцовыя горныя чачоткі знікаюць з-за знішчэння месцапражыванняў. Галоўная прычына гэтага – перавыпас і недавыпас быдла на горных лугах.
Для таго, каб дапамагчы гэтым птушкам, было прапанавана, між іншым, наладзіць традыцыйны менеджмэнт горных лугоў з познім скошваннем травяністай расліннасці. Горныя чачоткі харчуюцца, галоўным чынам, насеннем аднагадовых горных траў і гняздуюць у высокім вераску або сярод папараці арляку на вяршынях горных кліфаў з іх паўночнага боку. Цікава, што часта чачоткі змяшчаюць свае гнёзды недалёка ад гнёздаў вандроўных сокалаў – так яны знаходзяць найлепшую ахову ад шэрых варон.
У Беларусі горныя чачоткі – нешматлікі рэгулярна зімуючы від.
Здымак горных чачотак Дзьмітрыя Якубовіча.
Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ