Амаль усе кулікі, якія гняздуюць на Чукотцы (Расія), ляцяць зімаваць усходнім азіяцка-аўстралійскім пралётным шляхам у Аўстралію і Новую Зеландыю. Аднак не вялікія зуйкі (Charadrius hiaticula), якія ляцяць на зімоўку на паўднёвы захад. Дзякуючы выкарыстанню геалакатараў, атрымалася даведацца пра дакладныя месцы зімоўкі птушак падвіду tundrae, якія ў адзін бок пралятаюць ад 9 да 12 тысяч кіламетраў.
Вялікія зуйкі гняздуюць пераважна ў Арктыцы ад Грэнландыі і некаторых арктычных астравоў Канады праз Скандынавію і поўнач Расіі да ўсходняй Чукоткі. У той частцы Арктыкі, якая не занятая вялікім зуйком (ад Ньюфауленда да Аляскі), гняздуе вельмі блізкі і падобны від - перапончатапалы зуёк (Ch. semipalmatus). Акрамя гэтага, вялікі зуёк гняздуе таксама дзе-нідзе і ў Еўропе, ад Ісландыі да Францыі.
Каманда расійскіх даследчыкаў шмат гадоў вывучае розныя аспекты жыцця кулікоў, якія гняздуюць на паўднёва-усходняй частцы Чукоткі. Пяць самцоў вялікага зуйка, на якіх размясцілі там геалакатары, праз год былі пераадлоўлены і дазволілі даведацца пра месцы зімоўкі птушак з самай усходняй папуляцыі гэтага віда. Аказалася, што зуйкі зімавалі ад узбярэжжа Персідскага заліву і дэльты Ніла да Самалі на поўдні. Найдалей за іншых правёў зіму адзін з самцоў, які за год праляцеў з Чукоткі ў Самалі і назад (іншым, унутрыкантынентальным шляхам) каля 25 тысяч км:
Паводле P S. Tomkovich et al. 2021
У адрозненне ад большасці кулікоў, вялікія зуйкі пад час міграцыі выкарыстоўваюць шырокі спектар водна-балотных угоддзяў, часам часовых і невялічкіх, на якіх яны прыпыняюцца толькі на непрацяглы час. Звычайна зуйкі не ўтвараюць вялікіх чародаў і адзінае месца, важнае для іх адпачынку пад час міграцыі на паўднёвы захад, якое атрымалася вызначыць – паўночна-цэнтральны Казахстан.
Аўтары даследавання пішуць, што маршрут міграцыі зуйкоў супрацьлеглы кірунку каланізацыі відам новых месцаў гнездавання пасля апошняга ледавіка. На прыканцы плейстацэна вялікія зуйкі былі распаўсюджаны галоўным чынам у Заходняй Палеарктыцы, а зімавалі у Афрыцы. Пасля сыходу ледавіка, вялікія тэрыторыі на ўсходзе, якія выдатна пасавалі для размнажэння віду, сталі даступнымі і паступова былі ім занятыя. Аднак месцы зімоўкі заталіся тымі самымі і каб даляцець да іх, зуйкам з усходняй часткі арэалу прыходзіцца пераадольваць значна большую адлегласць чым птушкам з іншых, больш заходніх частак арэалу.
Цікава, што яшчэ далей вымушаныя ляцець на месцы зімоўкі палявыя падкаменкі, якія падобна да вялікіх зуйкоў паступова каланізавалі з Заходняй Палеарктыкі нават Аляску, але зімуюць, як і птушкі з Еўропы, на поўдзень ад Сахары ў Афрыцы.
Крыніца: P S. Tomkovich, R Porter, E Y. Loktionov & E E. Syroechkovskiy 2021 Transcontinental pathways and seasonal movements of an Asian migrant, the Common Ringed Plover Charadrius hiaticula tundrae. Wader Study 124 (3)
Паводле www.wadertales.wordpress.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Юрыя Квача
На гэтую тэму:
Некаторыя палявыя падкаменкі вандруюць яшчэ далей, чым меркавалася
Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак
Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!
АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, У ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ
Новыя рэкорды куліка-каменешаркі
САМЫ ЗНАКАМІТЫ КУЛІК “НАЛЯТАЎ” УЖО 400 ТЫСЯЧ КМ !
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ