"Ornis Polonica" замест "Notatkі Ornitologicznе"

Пасля 50 гадоў выдання знакамітага польскага часопіса "Notatki Ornitologiczne", гэтая назва адыходзіць у гісторыю. Аднак часопіс не знікне, а толькі зменіць назву на "Ornis Polonica" і вокладку. Папярэдняя нумарацыя будзе працягнута.

Адной з галоўных праблем часопіса, з-за якой і спатрэбілася змяняць назву, аказалася дафінансаванне яго выпуску. Ваяводзкі фонд аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі (Wojewódzki Fundusz Ochrony Środowiska i Gospodarki Wodnej) ва Ўроцлаве як варунак фінансавання часопіса патрабаваў яго рэгістрацыі ў судзе. Ў судзе аказалася, што ўладальнікам часопіса юрыдычна ёсць не Польскае заалагічнае таварыства (Polskie Towarzystwo Zoologiczne (PTZool.)), а Польская Акадэмія навук (Polska Akademia Nauk (PAN)). Справа ў тым, што ў 1960-я гады PTZool. фінансавалася PAN i менавіта гэтыя паперы з’явіліся ў судзе як доказ для вызначэння ўласніка. У Акадэміі навук ніхто не захацеў шукаць іншых папер. Таму засталося адзінае выйсце – зарэгістраваць часопіс пад новай назвай. Выбар быў зроблены на карысць "Ornis Polonica".
Цяпер часопіс знайшоў іншых спонсараў, чым ваяводзкі камітэт, і ў бліжэйшы час выйдуць два першых нумары "Ornis Polonica".


Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by