
Паводле дадзеных, якія былі апублікаваныя ў часопісе Pacific Conservation Biology у панядзелак, аўстралійская сярэдняя белая чапля (Ardea plumifera), пазначаная спадарожнікавым перадатчыкам, амаль двое сутак ляцела без пасадкі і адпачынку паміж Аўстраліяй і Папуа Новай Гвінеяй пад час сваёй міграцыі на поўнач.
Каманда аўстралійскіх даследчыкаў павесіла спадарожнікавыя GPS-перадатчыкі на 8 аўстралійскіх сярэдніх белых чапляў і на 10 вялікіх белых чапляў (A. alba) і адсочвала іх наступныя перамяшчэнні на працягу месяцаў пасля таго, як птушкі адляцелі з балот Macquarie Marshes у штаце New South Wales, дзе былі адлоўлены.
Вялікія белыя чаплі разляцеліся ў самых розных кірунках, тады як сярэднія чаплі ўсе паляцелі на поўнач. Перамяшчэнні адной з іх з іх атрымалася прасачыць пад час усёй міграцыі, падчас якой яна праляцела без прыпынкаў 38 гадзін над Каралавым морам і за гэты час пераадолела адлегласць ў больш чым 700 км. Усяго ж птушка праляцела амаль 2400 км на працягу апошніх месяцаў і прыпынілася на зімоўку ў горада Kalo, на паўночны ўсход ад сталіцы Папуа Новай Гвінеі, Port Moresby. Гэта першыя дадзеныя аб міграцыі віду ўвогуле.
Аўстралійская сярэдняя белая чапля раней лічылася адным з падвідаў сярэдняй белай чаплі (A. intermedia), аднак з 2023 г. прызнаная асобным відам, як і яшчэ 2 іншыя былыя падвіды. Від распаўсюджаны ў рэгіёне Астралазіі і гняздуе ва ўсходняй частцы Інданэзіі, на Новай Гвінеі і Тыморы, а таксама ва Аўстраліі.
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з https://mdahlem.net
На гэтую тэму:
Марафонцы сярод птушак - сем самых неверагодных прыкладаў
Маладая вялікая белая чапля з Беларусі ўжо ў Вялікабрытаніі
Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ