Маладая вялікая белая чапля з Беларусі ўжо ў Вялікабрытаніі

Дзякуючы дадатковаму да металічнага пластыкаваму беламу кальцу на вялікай белай чаплі (Egretta alba), адзначанай 16 верасня на востраве Bank у Lower Derwent Valley (Паўночны Йоркшыр), і хуткаму адказу Беларускага цэнтра кальцавання птушак, атрымалася даведацца пра месца кальцавання другой для Вялікабрытаніі прадстаўнічкі віда з Беларусі.

Аказалася, што гэтая чапля птушанём была закальцаваная 16 мая 2020 году у мясцовасці Рэчыца (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці) і праз 4 месяцы харчавалася ў вусці ракі Derwent на адлегласці 1741 км па прамой на захад ад месца нараджэння!

Большасць вялікіх белых чапляў з вядомым паходжаннем, якіх адзначалі ў Вялікабрытаніі дагэтуль, звычайна паходзяць з Францыі і Нідэрландаў. Для птушак з Беларусі гэта толькі другая рэгістрацыя на Брытанскіх астравах.

Першая беларуская чапля для Брытаніі была закальцаваная на гнездавой калоніі на Лукомльскім возеры (Чашніцкі раён Віцебшчыны) птушанём у чэрвені 2012 году і амаль праз 5 гадоў – у красавіку 2017 яе бачылі ў гарах Шатландыі на адлегласці 2166 км па прамой на паўночны захад ад месца нараджэння.

За апошнія 35 гадоў у вялікай белай чаплі атрымалася вяртанне ў Еўропу ў “вялікім стылі”. У пачатку 1970-х уся еўрапейская папуляцыя віда налічвала ад 150 да 220 пар, тады як на пачатак 2000-х гадоў колькасць гняздуючых птушак ацэньвалася паміж 11 і 24 тысячамі пар! За мінулае дзесяцігоддзе від стаў гнездаваць ў 13 новых краінах! Для Беларусі першае гнездаванне было зарэгістраванае ў 1994 годзе недалёка ад мяжы з Украінай у Хойніцкім раёне Гомельшчыны, а ўжо ў 2011 годзе колькасць толькі гняздуючых асобін ацэньвалася для краіны паміж 1 і 2 тысячамі пар і ў 2014 годзе від выключылі з нацыянальнай Чырвонай кнігі.

Дакладныя прычыны хуткай экспансіі віда ў Еўропе невядомыя, хаця ёсць меркаванне, што гэта можа быць звязанае з пацяпленнем клімату.

У Паўночным Йоркшыры зараз трымаюцца 3 вялікія белыя чаплі, а мінулай зімой тут зімавалі 5 птушак.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Чарапіцы

 

 

На гэтую тэму:

МИГРАЦИИ И МЕСТА ЗИМОВОК БОЛЬШОЙ БЕЛОЙ ЦАПЛИ, ГНЕЗДЯЩЕЙСЯ В БЕЛАРУСИ

МЕСТА ЗИМОВКИ БОЛЬШОЙ БЕЛОЙ ЦАПЛИ, ГНЕЗДЯЩЕЙСЯ В БЕЛАРУСИ

Большая белая цапля (Egretta alba) – новый гнездящийся вид Белорусского Поозерья

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы

Вялікая белая чапля ўпершыню загнездавала ў Вялікабрытаніі

Вялікая белая чапля ўсё яшчэ адзіны від?

Новы Чырвоны спіс Беларусі: выключаны два і дададзены адзін від птушак

Сучасныя тэхналогіі дазволілі падлічыць колькасць гняздуючых вялікіх белых чапляў у Польшчы