Арганізацыя Natural England афіцыйна пацвердзіла, што вялікая белая чапля (Egretta alba) ёсць новым гняздуючым відам для Злучанага каралеўства. Месца гнездавання было знойдзена ў графстве Somerset. Цяпер за ім назіраюць супрацоўнікі і валанцёры з трох арганізацый: Natural England, RSPB і Somerset Ornithological Society.
Птушкі ўжо павінны мець птушанят. Пасля іх вылету з гнязда Вялікабрытанія зможа афіцыйна дадаць новы від у спіс гняздуючых. Хаця вялікіх белых чапляў больш шанцаў сустрэць у кантынентальнай Еўропе, аднак у апошнія гады ўзрасла колькасць рэгістрацый віду ў Англіі. У невялікай колькасці гэтыя птушкі наведвалі трысняговыя зараснікі і забалочаныя месцы балотаў Avalon. Аднак дагэтуль гняздуючых птушак тут не назіралі.
Самка вялікай белай чаплі, якая цяпер загнездавала ў Англіі, была акальцаваная птушанём у мае 2009 г. ў Besne, Францыя. Перад тым, як упершыню ў красавіку 2010 году з’явіцца ў графстве Somerset, яе адзначалі ў Lancashire, Wales і Gloucestershire. Цікава, што птушка засталася тут на зімоўку і паспяхова перанесла дзве даволі суворыя мясцовыя зімы.
Бёрдэры заўважылі гнездавую дзейнасць чапляў у пачатку красавіку сёлета, і адразу паведамілі пра гэта тры вышэйпералічаныя прыродаахоўныя арганізацыі. Дзякуючы ім атрымалася усталяваць кругласуткавае назіранне за парай чапляў, якія паспяхова пабудавалі гняздо ў глыбіні трыяснягу.
Звычайна від вяртаецца гнездаваць у тое самае месца штогод, таму ёсць вялікая імавернасць таго, што з часам на балотах Эвалон узнікне калонія вялікай белай чаплі.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак птушаня Сяргея Абрамчука
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ