Амаль усе вялікія белыя чаплі (Ardea (Egretta) alba) гняздуюць ва усходняй частцы Польшчы, дзе дзякуючы выкарыстанню дрона атрымалася ў 8 калоніях налічыць дакладна 496 пар гэтага віду. Гэта першыя так дакладныя лічбы, атрыманыя для вельмі скрытна гняздуючага ў цяжкадаступных для чалавека месцах віда.
На прыканцы XIX стагоддзя вялікая белая чапля, якая была шырока распаўсюджаная на еўрапейскім і амерыканскіх кантынентах, стала вельмі хутка змяншаць сваю колькасць і тэрыторыю распаўсюджвання па прычыне, якую зараз нават цяжка сабе яўвіць. Справа ў тым, што сотні тысяч чапляў забівалі толькі для таго, каб іх адмысловыя шлюбныя пёры-эгреткі маглі насіць на шляпках дамы – згодна з апошняй тагачаснай модай. Галоўным чынам з-за неабходнасці ратаваць гэты від птушак былі створаныя першыя ў Свеце грамадзкія арганізацыі, якія і сёння займаюцца аховай птушак. Гэта, напрыклад, Royal Society for the Protection of Birds (створаная ў 1889 годзе ў Вялікабрытаніі) і National Audubon Society (створаная ў 1895 годзе ў ЗША).
Да канца мінулага стагоддзя гнездаванне вялікай белай чаплі ў Польшчы назіралася толькі спарадычна, але пасля 1997 году адбываецца штогод, прычым колькасць гняздуючых птушак увесь час павялічваецца. Гэтая тэндэнцыя назіраецца ў апошнія дзесяцігоддзі ў многіх краінах Еўропы, аднак больш-менш дакладная лічба гняздуючых у Польшчы птушак стала вядома толькі пад час улікаў, якія праводзіла ў 2018 годзе Польскае таварыства аховы птушак (Polskie Towarzystwо Ochrony Ptaków (РТОР)) з дапамогай дрона.
Зараз вынікі ўлікаў апублікаваныя ў навуковым часопісе "Ornis Polonica". Аўтар улікаў і артыкула, Adam Zbyryt з PTOP, сказаў: "Гэта першыя настолькі дакладныя лічбы гняздуючых пар гэтага віду для нашай краіны. Каб знайсці і падлічыць гнёзда чапляў, мы выкарыстоўвалі дрон”.
З-за таго, у заходняй частцы Польшчы дагэтуль вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі гнездавання віда, і ў год правядзення ўлікаў там было знойдзена 2 гнязда, даследавалася толькі Усходняя Польшча (на усход ад Віслы). Там у 8 калоніях налічылі агулам 496 гнёзд вялікай белай чаплі (ад 13 да 248). Такім чынам, агульная гняздуючая польская папуляцыя вялікай белай чаплі ў 2018 годзе налічвала 500 пар.
Калоніі знаходзіліся на кустах у забалочаных месцах (50%), у зарасніках трыснягу (37.8%), на плантацыі маладых соснаў і на кустах на азёрным востраве. Усяго было знойдзена 5 змешаных калоній вялікай белай чаплі разам з шэрай (A. сinerea) і 1 з ёй і вялікім бакланам (Phalacrocorax carbo).
Цікава, што сярэдняя адлегласць месцараспалажэння калоній ад людскіх пасяленняў была толькі трошкі менш за 1 км (63-3700 м).
Крыніца:
Adam Zbyryt 2019 Numbers and distribution of breeding population of the Great Egret Ardea alba in Poland. Ornis Polonica December 2019
Паводле www.naukawpolsce.pap.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
МИГРАЦИИ И МЕСТА ЗИМОВОК БОЛЬШОЙ БЕЛОЙ ЦАПЛИ, ГНЕЗДЯЩЕЙСЯ В БЕЛАРУСИ
МЕСТА ЗИМОВКИ БОЛЬШОЙ БЕЛОЙ ЦАПЛИ, ГНЕЗДЯЩЕЙСЯ В БЕЛАРУСИ
Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы
Большая белая цапля (Egretta alba) – новый гнездящийся вид Белорусского Поозерья
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ