Важныя рашэнні Цэнтральнага Савету АПБ

На сваім апошнім сёлетнім паседжанні сябры Цэнтральнага Савету АПБ вырашылі некалькі важных пытанняў і прызначылі некаторыя важныя даты.

Птушкай 2011 году будзе вялікі кулён (большой кроншнеп) Numenius arquata.

Чарговы з’езд АПБ адбудзецца ў суботу, 29 студзеня 2011 году ў Мінску.
Адным з галоўных пытанняў на з’ездзе будуць выбары новага Старшыні Цэнтральнага Савету (ЦС), новага складу ЦС і Рэвізійнай камісіі.

Першы этап фотаконкурсу 2010 году, які адбываецца ў Галерэі нашага сайту, па рашэнні ЦС заканчваецца 28.12.2010. Гэта значыць, што гэта дата апошняя, калі можна выстаўляць здымкі для адбору ў другі тур. Другі тур фотаконкурсу з адборам найлепшых здымкаў Журы правядзе да з’езду АПБ – г.зн. да 29.01.2011. На з’ездзе сярод іншых будуць абвешчаны вынікі фотаконкурсу і ўзнагароджаны яго пераможцы і прызёры.

Новы фотаконкурс АПБ з трошкі змененай назвай “Птушкі ў аб’ектыве” пачнецца з 01.01.2011 і будзе працягвацца да 28.12.2011 па старых правілах у два этапы. Першы этап адбору здымкаў праз Галерэю нашага сайту не зменіцца. Але правілы ацэнкі здымкаў мы пастараемся змяніць з дапамогай нашых адміністратараў. Калі ў бліжэйшы час не з’явіцца іншых нескладаных для рэалізацыі і эфектыўных прапаноў, то з 1 студзеня 2011 пачне дзейнічаць новая сістэма, ў якой усе ацэнкі за здымак будуць складвацца.

З-за таго, што павялічыліся расходы на друк поўнакаляровага сяброўскага часопісу “Птушкі і мы”, з 01.03.2011 году было вырашана павялічыць памер сяброўскіх складак для ўсіх катэгорый сяброў у 1,5 разы. Таму тыя, хто хочуць працягнуць сяброўства “па старых коштах”, маюць на гэта два першыя месяцы 2011 году.
Каб з’эканоміць грошы, памер старонак нумароў інфармацыйнага бюлетэню ў 2011 годзе будзе А4  - каб пры неабходнасці яго можна было без перашкодаў капіраваць. Каб зменшыць яго магчымы друкаваны наклад, а таксама давесці сябрам АПБ выгоднасць атрымання і распаўсюду бюлетэню у электронным выглядзе, яго электронны варыянт будзе заставацца каляровым. А вось друкаваны будзе чорна-белым. Такім чынам выбар паміж каляровым выданнем, які можна будзе без вялікіх выдаткаў для сакратарыяту атрымліваць раней у электронным выглядзе і чорна-белым папяровым варыянтам, які прыйдзецца друкаваць і дасылаць па пошце, а таксама чакаць даўжэй, стане лягчэйшым.

Дарэчы, не гледзячы на тое, што ўвесь наклад падвойнага нумару сяброўскага часопісу “Птушкі і мы” ўжо надрукаваны і прывезены ў сакратарыят АПБ, на жаль, наўрацці ён будзе разасланы сябрам АПБ да Новага году. Бо дагэтуль негатовы макет інфармацыйнага бюлетэню, які запланавана рассылаць разам з часопісам.

Здымак вялікага кулёну Дзьмітрыя Якубовіча

Дзьмітры Вінчэўскі,
сябра Цэнтральнага Савету АПБ

Comments

я давно предлагал назвать фотоконкурс "Птицы и люди в объективе", птицы бы от этого не потсрадали, мы же и фото орнитологов на конкурс принимаем, да и со слоганом БЛИ и АПБ созвучно.

Не ўсё адразу. І так шмат што атрымалася ў добры бок павярнуць. Хаця пра вынікі пакуль рана казаць, але хоць кірунак прапанаваны лагічны - на разьвіцьцё АПБ.