У наступны аўторак, 1 мая 2012 г. у адным з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі - Тураве (Жыткавічцкі раён Гомельскай вобласці) адбудзецца чарговы фэст, прысвечаны Птушкам і Людзям.
Як і заўсёды, свята арганізуюць ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і Тураўскі гарадзкі савет. Фэст будзе праходзіць каля невялікай, але міжнародна важнай ТВП “Тураўскае балонне”. На гэтым астраўку і вакол яго ў пойме Прыпяці вясной збіраюцца і адпачываюць дзесяткі тысяч кулікоў, качак і гусей розных відаў. Тураўскае балонне – самы важны ў Свеце пункт узнаўлення сілаў для баталёнаў. Менавіта на востраве штогод гняздуе самая вялікая папуляцыя куліка-марадункі, якому ў горадзе над Прыпяццю пад час першага фэста ўрачыста быў адкрыты помнік.
Адкрыццё фэсту прызначана на 11 гадзін. Для падлеткаў і моладзі прадугледжана разнастайная праграма з творчымі майстэрнямі, спаборніцтвамі, гульнямі і конкурсамі.
Усе аматары добрай музыкі запрашаюцца на канцэрт «Блюз Тураўскага балоння» з удзелам блюзавага гурта з Мінску «Steve Kramer band», які адбудзецца на цэнтральнай плошчы.
Паводле www.ptushki.org (тэкст і здымак)
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ