Турэцкія сяляне прынялі шчурку-пчалаедку за шпіёна

Пералётная птушка выклікала пярэпалах у вёсцы на паўднёвым усходзе Турцыі, бо мясцовыя жыхары прынялі яе за ізраільскага шпіёна. Падазрэнні ўзніклі пасля таго, як адзін з сялян знайшоў на полі мёртвую шчурку-пчалаедку (Merops apiaster), на якой было металічнае кальцо са словам "Israel".

Сяляне выклікалі паліцыю, таму што птушка магла, па іх меркаванню, мець мікрачып і выкарыстоўвацца ізраільскай выведкай. Аднак пасля даследавання экспертамі, труп быў прызнаны “бяспечным”.


Рэгіянальны офіс міністэрства сельскай гаспадаркі паспяшыў паведаміць паліцыі і мясцовым жыхарам, што кальцаванне птушак – шырока распаўсюджаная практыка для таго, каб адсочваць перамяшчэнні пярнатых. Ніякай небяспекі для грамадзян ці краіны яно не ўяўляе.


Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак Валерыя Юрко