Качуркі па паху адрозніваюць крэўных

Паводле апошніх даследаванняў, па меншай меры некаторыя марскія птушкі здольныя выключна па паху адрозніваць сваіх крэўных.

У адмысловым “распазнаўчым тэсце” прамахвостыя качуркі Hydrobates pelagicus пазбягалі паху птушак - сваіх крэўных на карысць паху не звязаных з імі генетычна асобін. Даследчыкі лічаць, што гэта дапамагае птушкам пазбегнуць выпадковага інбрыдынгу (блізкакрэўнага скрыжавання).


Артыкул, прысвечаны гэтаму адкрыццю, быў апублікаваны ў часопісе Animal Behaviour.


Навуковец, які ачольваў даследаванне, д-р Франчэска Бонадонна (Dr Francesco Bonadonna) з Цэнтру функцыянальнай і эвалюцыйнай экалогіі (Montpellier, Францыя) сказаў, што “птушкі такім чынам выкарыстоўваюць пахі і іх адчуванне для распазнавання і паведамлення іншым сваёй “генетычнай адпаведнасці””.


Пошук генетычна адпаведнага партнёра з дапамогай пахаў – добра вядомы фенамен у звяроў. Аднак дагэтуль навукоўцы думалі, што ў птушак галоўныя сігналы пры выбары партнёра – гэта вочы і слых.


Цяпер зразумела, што дзякуючы тонкаму адчуванню і адрозніванню пахаў качуркі пазбягаюць выбіраць у партнёры сваіх крэўных і могуць вяртацца на гнездавую калонію дакладна да сваіх птушанят.


Прамахвостыя качуркі застаюцца ў той самай гнездавой калоніі, ў якой з’явіліся на Свет, праз усё жыццё. Таму гэтае месца – таксама месца размнажэння і для некалькіх іх блізкіх крэўных. Таксама вядома, што птушкі стараюцца застацца з аднойчы абраным партнёрам на ўсё жыццё. Таму яго памылковы выбар быў бы катастрафічным.


Вядома, што адчуванне пахаў і хімічная сігналізацыя – адна з найбольш старажытных і параўнальна простых формаў камунікацыі ў жывёльным свеце, таму не дзіва, што птушкі таксама могуць ёй карыстацца.


Качуркі – гэта невялікія марскія птушкі з пераважна начной актыўнасцю, якія гняздуюць у цёмных норах або скальных шчылінах. Яшчэ адной цікавай рысай качурак ёсць тое, што яны пахнуць “цёплым”, мускусным пахам. Таксама вядома, што каб знайсці сваю ежу і арыентавацца ў акіяне, яны маюць выдатна развітую ольфакторную сістэму (ці сістэму адчування пахаў).  


Каб вызначыць удзел гэтай сістэмы ў распазнаванні іншых асобін качурак, Dr Bonadonna і яго калегі “збіралі” пах птушак з дапамогай адмысловых адсарбіруючых пахі ануч, адлоўліваючы розных птушак з гнездавой калоніі, якая знаходзіцца недалёка ад берагоў Гішпаніі на востраве Isla de Benidorm. Дзякуючы папярэдне пазначаным птушкам і вывучэнню калоніі апошнія 20 год, навукоўцы дакладна ведалі якія птушкі крэўныя якіх.


Пасля збору пахаў, даследчыкі змяшчалі баваўняныя анучы з пахам крэўных да паддоследных птушак у адным адгалінаванні Y-падобнага лабірынту, а анучы з пахам нязлучаных крэўнымі сувязямі птушак – у другім адгалінаванні. Амаль усе птушкі выбралі адгалінаванне нары з пахам не сваякоў.


Гэтыя доследы пацвердзілі папярэдне сабраную за 18 год інфармацыю на гэтай калоніі качурак. Бо за гэты час навукоўцы ні разу не адзначылі пару птушак, якая б складалася з двух крэўных.


Атрыманыя дадзеныя, акрамя чыста навуковага значэння, маюць і важныя практычныя вынікі. Бо забруджванне навакольнага асяроддзя ці неразумнае змяненне месцаў пражывання жывёл чалавекам можа прывесці да катастрафічных вынікаў, бо апошнія не змогуць эфектыўна выкарыстоўваць свае камунікацыйныя сістэмы.


Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.surfbirds.com