Пад такой назвай адбыўся семінар на возеры Белае, што ў Брэсцкім раёне. Семінар аб'яднаў адразу два праекты, галоўным выканаўцам якіх з'яўляецца Заходне-Палескае аддзяленне ГА АПБ.
Для аднаго з праектаў - «Прырода аб'ядноўвае людзей», які рэалізуецца супольна з грамадскай экалагічнай арганізацыяй «Зялёны край», гэты семінар стаў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў, бо з'яўляўся астатняй дзейнасцю ў рамках праекту. Для іншага праекту - «Захаваем прыроду разам», які рэалізуецца разам з Дамачаўскім пасялковым саветам і ДПУ «Рэспубліканскі заказнік «Прыбужскае Палессе», семінар быў магчымасцю падвесці папярэднія вынікі і рэалізаваць шэраг запланаваных мерапрыемстваў. Абодва праекты рэалізуюцца ў першую чаргу дзякуючы фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду.
Семінар адбыўся ў біясферным рэзерваце «Прыбужскае Палессе» і быў прысвечаны развіццю менавіта гэтай тэррыторыі. Біясферны рэзерват створаны пастановай Брэсцкага аблвыканкама ў 2003 годзе на базе заказніка з аднаіменнай назвай. У 2004 годзе «Прыбужскае Палессе» атрымала афіцыйны статус біясфернага рэзервата ЮНЭСКА, які зяўляецца беларускай часткай міжнароднага трохбаковага біясфернага рэзервата «Заходняе Палессе», ствараемага на мяжы трох дзяржаў — Беларусі, Польшчы і Украіны. На раўнінных тэрыторыях гэта адзіная ў Еўропе трохбаковая (ствараемая пры ўдзеле трох дзяржаў) ахоўваемая тэрыторыя. У свеце існуе толькі 3 такія тэрыторыі.
Падчас семінару ў першы дзень адбылася прэзентацыя вынікаў дзейнасці, ажыцяўляемай у рамках абодвух праектаў, а таксама магчымасцяў, якія дае Праграма малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. Удзел у семінары прынялі прадстаўнік ПМГ ГЭФ, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, старшыня Брэсцкай горрайінспекцыі, дырэктар ДПУ РЗ «Прыбужскае Палессе», дырэктар Палескага аграрна-экалагічнага інстытуту, старшыні Заходне-Палескага рэгіянальнага і Брэсцкага абласного аддзяленняў ГА АПБ, а таксама мясцовая моладзь і студэнты.
Наступныя два дні былі прысвечаны практычнай дзейнасці па азнакаванню турыстычных маршрутаў і біятыхнічным мерапрыемствам - галоўным чынам, вырабу і размяшчэнню гнездавых скрыняў для соваў. Спрыяльнае надвор'е, карысная супольная праца, цікавыя знаёмствы - ўсё гэта спрыяла добраму агульнаму настрою, які панаваў падчас правядзення семінару. І нават не зусім прыемныя, а-ля найгоршыя 1990-я ўмовы пражывання на турыстычнай базе «Белае возера»і “гаспадарская гасціннасць” адміністрацыі ДПУ РЗ «Прыбужскае Палессе», не сапсавалі агульнага аптымістычнага настрою, а нават спрыялі інтэграцыі і паспяховай практычнай дзейнасці.
Андрэй Абрамчук,
Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне ГА АПБ.
Здымак аўтара
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ