Хто з нас не бачыў норкі ластавак-зямлянак? Дарэчы, лічу гэтую беларускую назву віда вельмі ўдалай, бо жывуць гэтыя птушкі не толькі па берагах рэк, але і вырываюць свае норкі ў кар'ерах ці вялікага памеру ямах і нават у кучах зямлі - калі там ёсць хаця б адзін адвесны край.
Прылятаюць зямлянкі да нас апошнімі з ластавак, толькі ў пачатку мая - магчыма, каб мець большы выбар берагоў пасля вясенняга паўнаводдзя. Але від вельмі пластычны, і як толькі з'яўляецца новая, адпаведная па складу і адвесная паверхня з адкрытай глебай - цяжэй будзе дабрацца да норак з яйкамі і птушанятамі патэнцыйным драпежнікам, ластаўкі спрабуюць яе каланізаваць.
Так здарылася сёлета і з крутым берагам Нёмана пад т.зв. старым замкам у Гродна. Будаўнікі раскапалі вялікую траншэю пад замацаванне схілу і зямлянкі пачалі яго актыўна займаць і капаць норкі. Пачатку працэсу "каланізацыі" я не бачыў, зрэдку атрымлівалася назіраць як вылятае пясок з ужо пачатай і паглыбленай норкі, а зараз ластаўкі ўжо актыўна кормяць птушанят і вылятаюць з капсуламі памёту ў дзюбках, выкідваючы іх у блізкі Нёман.
Частцы птушак - як гэта бывае пэўна і ў прыродзе, не пашанцавала і з-за моцных дажджоў ці па іншай прычыне добры кавалак дзёрану над некаторымі гнёздамі, які парушыў і норкі, споўз ніжэй:
Што ж рабіць былым уладальніцам? Змірыцца і прапусціць сезон - думаў я. Аднак сёння аказалася, што змірыліся са стратай норкі яўна не ўсе.
Некалькі птушак пачыналі працэс выбару месца гнездавання, ці нават толькі месца распалажэння будучай норкі!
Прычым працэс паглыблення ці выпрабавання грунту пад будучую норку яўна йшоў хутчэй, калі ластаўкі дапамагалі сабе крыльцамі, ну і апора на хвосцік таксама не лішняя
Ну і "маральная дапамога" ад партнёра побач - справа ж важная! )
Па колькасці іерогліфаў-адзнак на паверхні пяску ад спробаў ластавак паглыбіцца бачна - нялёгка гэта і працэс яўна цяжкі.
І толькі цяпер я зразумеў - чаму ластаўкі чакаюць на свежыя паверхні ў ямах ці кар'ерах - там жа пясок ці іншая глеба адразу больш вільготныя і паглыбіцца ў іх будзе нашмат лягчэй? Але гэта толькі мае здагадкі, і, магчыма, ластаўкі здолеюць загнездаваць і тут і ўсё ў іх яшчэ атрымаецца?
ІЕРОГЛІФЫ ЛАСТАВАК-ЗЯМЛЯНАК
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ