Дакументацыйныя здымкі
Пасля першых начных маразоў паводзіны некаторых птушак яўна змяніліся. Як ні дзіўна, гэта прадэманстраваў і зімародак (Alcedo atthis), якога я выпадкова ўбачыў зусім блізка ад берага Нёману на адным з чатырох суседніх месцаў, якія вытапталі там рыбакі.
Яркі самец сядзеў на каражцы, якая зусім невысока выступала над вадой. Зразумела, што з такой вышыні нешта ўбачыць і нырнуць наўрацці было магчыма. Таму птушка праз некалькі секунд узляцела вялізным матылём і завісла над вадой, але таксама зусім невысока. Ідалей села не на тую ж прысаду, а ... на голы пясок ля самай вады. Такога раней я яшчэ не бачыў. Хутка ўзляцела зноў, зноў завісла невысока над вадой і потым адляцела ўніз па плыні.
Пасля гэтага я прыцягнуў і кінуў у трох месцах у ваду ля берага знойдзеныя побач доўгія галіны дрэваў - можа яны дапамогуць зімародку часцей выкарысоўвываць гэтае месца?
А на наступны дзень перад востравам, дзе я раней здымаў зімародкаў на валунах, адзін з іх запішчаў-засвісцеў, калі пералятаў на супрацьлеглы бераг. Я заўважыў птушку толькі тады, калі яна ўжо падлятала да яго і атрымалася тое, што не атрымлівалася раней - я нарэшце, пасля шмат дзён высочвання, змог убачыць месца, куды ён сеў! Гэта аказалася спілаваная вярба, тонкія і доўгія парасткі якой адраслі ва ўсе магчымыя бакі. Адзін з іх, бліжэй да вады, і выбраў як прысаду зімародак. Але прасядзеў там нядоўга - амаль вертыкальна нырнуў за здабычай, а потым адляцеў уніз па плыні і больш я яго не знайшоў.
Наўрацці абедзве гэтыя, ды і іншыя прысады над Нёманам можна лічыць аптымальнымі для віду. Але птушкі могуць выкарыстаць толькі тое, што ёсць.
Гродна, 21 і 22-10-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ