Тая раніца пачалася нечакана. Толькі мы з цюцікам выйшлі з дому на прагулку і нават яшчэ не паспелі перайсці дарогу, як перед намі на дрэвы за пачатковай школай прыляцелі, 'свірысця', сотні амялушак (Bombycilla garrulus)! Хаця першых гэтай восенню адзначылі ў горадзе два тыдні таму, я іх яшчэ не бачыў і радасна назіраў за пералётамі.
Адно было кепска - я не ўзяў з сабой фоцік, гуляць з цюцікам мы збіраліся не менш за паўгадзіны і за гэты час амялушкі маглі б адляцець у іншае месца. Прыйшлося браць яго на рукі, вяртацца дадому, браць фоцік і вяртацца на вуліцу)
А птушкі паказвалі майстар клас, які я адразу ўспомніў з мінулых назіранняў. Рэч у тым, што хаця яны часта стараюцца трымацца разам, аднак у групе вельмі незалежныя адзін ад аднаго, ці прынамсі могуць часта сябе так паводзіць. Паглядзіце на здымкі ніжэй і Вы ўбачыце, што адны адпачывалі на бярозах, ліпах і каштанах, другія пілі кроплі вады з кісцей крылатак клёнаў, трэція знайшлі рэшткі недаедзенай рабіны і стараліся хутчэй праглынуць ягады, чацьвёртыя ж пацягнуліся да пупышак на кляновых пабегах, а пятыя - да вялікіх кусцікаў амялы і, хутчэй за ўсё, елі там ягады. Ну і тая з'едзеная недзе раней амяла, разам са скуркамі рабінавых ягад (?) у некаторых ужо выходзіла стужкамі і павісла на галінках дрэваў, на якіх амялушкі адпачывалі і чысціліся (гл. першы і перадапошні здымкі). Менавіта так яна і заражае ўсё новыя і новыя дрэвы і праз гады забяспечыць хутчэй за ўсё ўжо новыя пакаленні амялушак ежай.
Птушкі пераляталі і па адной, і групкамі паміж рознымі дрэвамі, але прыкладна праз паўгадзіны некуды паралельна ракі адляцела спачатку палова, а потым, праз якую хвіліны дзьве і другая.
Гродна, 10-11-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ