Хутчэй чакана, чым нечакана каляндарная зіма скончылася ў нас вельмі цёплым і сонечным днём і ўжо у абед над ракой у цэнтры гораду я пачуў знаёмыя крыкі і ўбачыў чацьвёрку першых шэрых журавоў (Grus grus). Яны ляцелі на паўночны ўсход не вельмі высока над зямлёй.
Паветра хутка станавілася ўсё цяплейшым і хацелася нейкага працягу. Таму я не змог высядзець у хаце і зноў пайшоў да Нёмана, толькі ўжо вышэй па плыні. І наперадзе пачуў галасы гусей! Яны ляцелі двума клінамі амаль над Нёманам дакладна на поўнач і час ад часу мянялі свой клін на другі. Большасць з іх былі гусі-гуменніцы (Anser fabalis), і толькі некаторыя - белалобымі (A. albifrons) - у іх на жываце добра бачныя шырокія чорныя палоскі.
Здавалася б, што яшчэ можна праляцець за палову дня? Але на гэтым прыемныя назіранні не скончыліся і калі я грэўся на сонейку, зноў пачуў крыкі журавоў і ад ракі, таксама на паўночны ўсход, адвярнула і паляцела іх другая за дзень чацьвёрка.
А сёння, 1 сакавіка, вакол дома ўжо шмат дзе свісцяць-спяваюць і бегаюць па вялікіх зялёных праталінах першыя шпакі (Sturnus vulgaris). Але гэта ўжо другая, чыста вясновая гісторыя.
28-02-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ