Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Разгадка жоўтага адцення апярэння вялікіх савукоў

вялікі савук

У адзін з яшчэ марозных дзён я прыпыніўся зусім недалёка ад групы вялікіх савукоў (Mergus merganser), якія адпачывалі і чысціліся на прыбярэжным лёдзе. Як яны гэта робяць, я бачыў раней шмат разоў і таму нават не пачаў бы іх здымаць, каб зусім невялікая адлегласць да птушак. Яшчэ варта дадаць, што чым большы мароз, тым часцей вадаплаўныя птушкі чысцяць сваё апярэнне і прычына тут вельмі важная і адначасова вельмі простая. Як гэта не дзіўна гучыць, ачышчаюць яны пер'е не ад бруду ці эктапаразітаў (бо наўрацці гэта самая вялікая іх праблема ў мароз), а ..ад вады. Калі не зрабіць гэта своечасова і чым мага хутчэй пасля нырання ці часам нават больш-менш працяглага плавання, вада пачне замярзаць і даволі хутка яе намярзае ўсё больш і больш. А тады вырваць лёд з пер'я будзе або нашмат цяжэй, а калі яго становіцца многа ці ён намярзае ў цяжкадаступных для ачысткі месцах, нават немагчыма. Яшчэ лёд дадае вагу і што можа нават горш для птушак, якія ныраюць за сваёй здабычай, змяняе ўдзельную вагу цела - абцяжарвае ныранне.

І вось пра ўсё гэта я думаў, калі назіраў за адным з самцоў вялікага савука і час ад часу здымаў яго, калі раптам убачыў, што на яго баку, на амаль белым апярэнні, з'явілася жоўтая пляма! Я працягваў здымаць і ўжо дома, пад час прагляду ўсіх здымкаў зразумеў што дакладна я ўбачыў.

У птушак ёсць толькі адна знешняя залоза - хвастцовая і змяшчаецца яна ў аснавання хваста. Саму залозу раней я хаця і толькі аднойчы, але ўжо бачыў раней  і таму цяпер ведаў, што адбывалася. Самец савука націскаў на яе дзюбай, набіраў нейкую колькасць алеепадобнай вадкасці (якая па анг. называецца preen oil) і потым рассмароўваў яе на розных частках апярэння. І яна з жоўтай станавілася светла-жоўтай на белым пяры. Так і атрымліваецца, і падтрымліваецца гэтае адценне на апярэнні савукоў! І хаця яно найбольш заўважнае на самцах (у іх белае пяро знаходзіцца шмат дзе зверху цела), у самак жаўцізна таксама ёсць, толькі ўбачыць яе цяжэй (гл. два апошнія здымкі).

Тэарэтычна вядомыя тры асноўныя функцыі гэтай вадкасці з хвастцовай залозы: яна дапамагае ненамаканню пяра; яна мае спецыфічны пах, які нагадвае ферамоны іншых жывёл і дапамагае правільна выбраць партнёра для размнажэння; у ёй ёсць эргастэрол (провітамін D), які пад уздзеяннем сонечнага святла ператвараецца ў вітамін D (неабходны для рэгуляцыі абмену кальцыя і іншых хімічных элементаў). Усе гэтыя тры функцыі надзвычай важныя для вялікіх савукоў узімку, а другая проста неабходная перад пачаткам вясны. А можа па 'жаўцізне' самцоў самкі таксама могуць вызначаць іх здароўе і адпаведна горшы ці лепшы генатып?

Нёман у Гродна, 17-02-2026 

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі