Навокал нашага дому ў цэнтры Горадні часам пралятаюць або затрымліваюцца для больш цікавых для мяне спраў розныя віды птушак. Адным з самых любімых з іх для ўсёй нашай сям’і ёсьць таўстадзюб. Канешне, ўбачыць яго ўвосень цяжэй, чым ўзімку. Бо менавіта ў гэты цяжкі для птушак час таўстадзюбы рэгулярна наведваюць нашу сталоўку, дзе па-майстэрску вылушчваюць, як на лініі канвеера, семкі падсонечніка, трацячы на кожную літаральна долі секунды.
Іншыя рэгулярныя наведвальнікі сталоўкі – два віды сініц і два віды вераб’ёў, вымушана падзіўляюць хуткае зьнікненьне корму з даволі блізкай адлегласьці. Аднак нават не меншыя майстры-вылушчальнікі – зелянушкі –не адважваюцца далучыцца да трапезы таўстадзюбаў. Ўсё ж такі іх несамавітыя дзюбы ды не яркае, але надзвычай прыгожае апярэньне выклікаюць пашану.
І вось, на пры канцы сьнежня, перад тым як сесьці перад маніторам кампутара, я вызірнуў у акно: амаль прама перада мной, нікуды не сьпяшаючыся, абедаў таўстадзюб!
Справа ў тым, што за апошнія 2-3 гады пасля капрэмонту, пракладкі цеплатрасы і газу навокал нашага дому значна паменшала не толькі кустоў, але і дрэваў (розных відаў і рознага ўзросту). І тое, што на адным з апошніх дарослага памеру дрэваў вішні харчаваўся таўстадзюб, выглядала сапраўдным падарункам! Я адразу выкруціў-выцягнуў ногі трыподу, прыставіў фоцік да трубы і пачаў здымаць. Адлегласьць паміж намі – якіх небудзь 15 метраў – як раз дазваляла птушцы памясьціцца на ўвесь экран.
Я з цікавасьцю назіраў на экране фоціка, як таўстадзюб ў розных позах – часам вісючы амаль уніз галавой на тонкіх галінках вішні – смакаваў косткі некалі чырвоных і сочных пладоў. Так-так, сапраўды смакаваў! Птушка асьцярожна і незаўважным рухам адрывала іх ад пладаножак, і дапамагаючы языком, перасоўвала костку ў розныя канцы дзюбы, з аднаго боку на іншы, сьпераду – назад. Потым неяк незаўважна разгрызала і цягнулася за іншай. Дзякуй людзям, вішань засталося багата, і таўстадзюбу было чым ласавацца.
Час ад часу надыходзячыя людзі вымушалі яго адлятаць на недалёкую і высокую ліпу. Але там ён доўга не сядзеў – ці то ліпавыя арэшкі не ўрадзілі, ці то яны не маглі параўнацца з вішнёвымі косткамі. І таўстадзюб раз за разам вяртаўся, смакуючы зімовыя вішні. А я радаваўся яго смачнаму абеду не менш яго.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ