ЗЗ віды за палову дня

   Папярэдні дзень, 07-01, аказаўся не вельмі ўдалы ў сэнсе птушак. Мы прыехалі на рэчку Ласасянку пад Горадняй, але сустрэлі толькі чалавека, які бачыў там аляпку дзень раней – Мікалая Гулінскага. Саму аляпку ўбачыць не атрымалася…

    Да гэтага я забыў у хаце свой блакнот, таму вынікі паездкі не запісваў. А потым забыў і фоцік у кватэры бацькоў. Таму на раніцу 08-01 быў гатоў да паездкі са здымачнай групай абласной праграмы “У аб’ектыве натураліста” толькі часткова – меў блакнот, бінокль і трубу. Але без фоціка я прапусьціў столькі магчымасьцяў зьняць новыя віды на фільмікі, што нават выдатны вынік дня – 33 віды і выдатныя сустрэчы з птушкамі і сябрамі не пераважылі. А рукі без рукавіц-пальчатак часам зьмярзалі так, што з болем гнуліся пальцы.
     Такім чынам разам з Віталем Гуменным і аператарам Андрэем мы паехалі ў Зарыцу за Ох-Фогелем, а ўжо з нім ў канцэнтраваны рай для бёдуотчараў – на Нёман у месца выхаду вады з гарадзкіх ачышчальнікаў.
Віталь хацеў зьняць розных зімовых птушак і як мы іх будзем падлічваць. Амаль з самага пачатку нам шанцавала – дразды-піскуны харчаваліся на рэштках абляпіхі, потым праляцелі шчыгелы, вакол нас і далей пераляталі шматлікія качкі, спачатку адной з іх аказаўся самец савука-лутка (першы раз яго тут бачу – сказаў Ох-Фогель), а потым яшчэ два. Але найбольш цікавага адбывалася каля выплеску гэтай самай ачышчанай вады, якая шумна бурбулявала недалёка ад берага, ўтвараючы вялікую завадзь з затопленымі кустамі. Тут на самым узьбярэжжы харчаваліся 5 чорных драздоў, праплыла чаротніца! І лыскі, ў кустах перапрыгваў крапіўнік і нехта значна большы. Ох-Фогель упэўнена сказаў – гэты мусіць быць пастушок. І праўда, гэта быў ён! Доўгая чырвоная дзюба часам вытыркалася з галінак і зблытаць яе было немагчыма. Так блізка я пастушка ніколі не бачыў – м у 15 ад нас ён рухаўся вакол куста, не надоўга хаваўся за ім, а выпалоханы пад камеру тб нават паплыў па адкрытай вадзе!
    Нахабна вялі сябе тут не толькі зусім не зімовыя птушкі, але і зьвяры! Андатра ў 3 метрах ад берагу і ў 12 ад нас села на тоўстую галіну (тырчала з пад вады) і пачала жаваць нейкую расьліну. І толькі зусім ужо адкрыты з’езд Андрэя з камерай па засьнежанаму схілу да яе вымусіў зьвярка нырнуць.
Птушак сапраўды было шмат, і малады белахвосты арлан, які праляцеў над ракой па плыні, стаў толькі адным з брыльянтаў у нашым сьпісе.
    Аднак час бег і прынялі рашэньне наведаць Ласасянку – можа аляпка сядзіць і чакае там на нас на адной са сваіх шматлікіх прысадаў? Але пераезд і шпацыр уздоўж ракі на два магчымыя месцы яе адпачынку пад мастом і за вадзяным млыном не мелі чаканага выніку, хаця і далі прыемную сустрэчу з чорнай жаўной і зімародкам, які сеў на галінку за маёй сьпіной як раз тады, як Андрэй пачаў здымаць мае адказы на Віталікавы пытаньні…
Вяртаньне да бусіка таксама здзівіла: недалёка ад ракі і каля самай дарогі харчаваліся м у 15 ад нас адначасова малы і сярэдні дзяцел! Каб уразіць нас яшчэ больш, на некалькі секунд яны нават селі на адзін і той жа куст!

Такім чынам, сьпіс адзначаных відаў аказаўся надзвычай багаты для зімовага дня:
р.Нёман, Зарыца
Вялікі дзяцел-2
Шэрая варона – 10
Дрозд-піскун – 2
Шчыгел -3
Чорны дрозд – 6
Вялікая сініца – 22
Каўка – 12
Сіняя сініца – 1
Сарока -1
Крумкач -4
Звычайны канюх -1
Лебедзь-шыпун -2 ад.
Лыска – 6
Вялікія савукі – як мін. 3 самцы і 5 самак
Чорная жаўна -1
Шэрая чапля – 1
Крыжанкі – не менш 220
Савук-луток -3 самцы
Гогаль – 1 самец
Чаротніца -1
Карагольчык -1 самец
Чыж – 5
Сойка – 3
Арлан -1 імм
Качка-цыранка -2
Крапіўнік -1
Пастушок -1
Сівая сініца -1
Зелянушка -5

рЛасасянка каля Юбілейнага і Караліно
Зімародак -2
Крыжанкі – мін 54
Чорны дзяцел – 2
Вялікі дзяцел -1
Малы дзяцел -1
Сярэдні дзяцел -1
Паўзунок зв. -1
Сойка-3
Крумкач -1
Сівая сініца -10
Зелянушка -1
Сіняя сініца -3

Здымкі Нёмана і Ласасянкі зроблены ў другія дні. Здымкі з гэтага дня будуць паказаны ў пpaграме “Ў аб’ектыве натураліста” праз тыдзень у пятніцу, а частка ў абласных Навінах на БТ.
Здаецца, гэта будзе ўжо 51 перадача Віталя Гуменнага!

Фотаздымкі

Каментары