Вясёлыя чарапашкі

     Чарапаха заўсёды была для нас сымбалем нейкай таямнічасьці, мудрасьці і даўгавечча. Убачыць яе ў Беларусі вялікая – невялікая, але рэдкасьць, таму кожная сустрэча з гэтай загадкавай жывёлай пакідае свой успамін. У нас жа ў стэпах Узьбекістана чарапах можна ўбачыць у цёплы сонечны дзень дзе-заўгодна – гэта іншы від – сярэднеазіяцкая чарапаха.

    Як толькі прыгрэе сонейка яны выкопваюцца з-пад зямлі і пачынаюць хаваць маладую зялёную траву, ці сядзяць пад кусьцікамі палыну, хаваючыся ад драпежнікаў і сонца, ці затоўваюцца ў норах. Адсутнасьць сур’ёзных ворагаў паўспрыяла распаўсюдзіцца на ўсіх абшарах сярэдняазіяцкіх пустэчах у вялікай колькасьці. Часам іх настолькі шмат, што прыходзіцца ехаць з хуткасьцю ня больш за 20 км., каб пасьпяваць аб’яжджаць гэтых вясёлых рэптылій. Час ад часу прыпыняем машыну – чарапашка перавярнулася на сьпіну, трэба дапамагчы…  Але як мы не спрабавалі аб’яжджаць, усё ж такі адну чарапашку расплюшчылі, пасьля чаго мой напарнік цэлы дзень прасіў прабачэньня ў іншых чарапашак. Для нас – гэтыя жывёлы, як і ўсе астатнія – сьвятыя.     А вось дзьве маленькія чарапахі бегаюць за адной вялікай. Цікава чаму, бо чарапахі адкладаюць яйкі ў пясок, і маленькія чарапашкі выхоўваюцца без мацярынскай апекі. Адказ нам хутка падказалі: малыя – гэта самцы, вялікія – самкі. А бегаюць яны адзін за аднім самі ведаеце па якой справе. Аднойчы, паабедаць мы спыніліся на аднім невялічкім вадаёмчыку. Тут жа да нас прыпаўзла вялізарная чарапаха. Было вельмі сьпякотна, паліла сонца, таму чарапаха, не зьвяртаючы на нас увагі, аблюбавала цень пад машынай і ўвесь астатні час, круцілася пад нагамі і абедала разам з намі. Праўда, адмаўлялася ад сыра, агуркоў і памідораў, якімі мы старанна хацелі яе накарміць, а ўвесь час харчавалася зялёнай травой, быццам авечка.     Відавочна, што тут можна ўбачыць чарапашак розных памераў ад крохатных, памерам зь мязінец да 30 – 40 см. Часам ты спыняешся каля чарапахі, пачынаеш яе гладзіць і адчуваеш, што ёй гэта падабаецца. Яна пачынае выглядваць са свайго доміку, потым выцягвае ногі і хвост і пачынае поўзаць вакол цябе... Часам ідзеш па пустэчы і бачыш мноства дыскападобных норак, быццам бы мініацюрныя лятаючыя талеркі пацярпелі катастрофу ў вялікай колькасьці. Узгадваеш дзяцінства, калі кожную рэч можна было адразу ўявіць у розных фантастычных уяўленьнях, і разумееш, што ты ўжо дарослы, але дзяцінства дзе-нідзе яшчэ выходзіць на шпацыр…
Фотаздымкі

Каментары