Мой квадрат 13-05-2009

Сёньня нарэшце выбраўся на свой квадрат, які знаходзіцца ля хутара Юзэфоўка. Што за квадрат і чаму ён мой? Справа ў тым, што з 2007 году Беларусь праз сябраў АПБ далучылася да агульнаэўрапейскай праграмы па маніторынгу звычайных гняздуючых відаў птушак (скарочана –СВМ). Для таго, каб маніторынг адбываўся, патрэбны адпаведныя тэрыторыі і ўлікі. Было вырашана ўзяць без зьменаў брытанскую мэтодыку па правядзеньню падвойных улікаў штосезон на 2 трансэктах у квадратах 1х1 км.

І калі ў Заходняй Эўропе зьмены ў колькасьці птушак адследжваюцца ўжо больш за 25 год і іх зьвязваюць са зьменамі ў навакольлі, дык у нас гэта справа новая і першыя папярэднія вынікі можна будзе падвесьці толькі сёлета (статыстычная апрацоўка можа нешта паказаць толькі праз 3 гады ад пачатку маніторынгу). Пакуль жа лічбавыя вынікі наступныя (паводле каардынатара праграмы СВМ у Беларусі Віктара Ліхвана): 2007г: 25 квадратаў і 18 удзельнікаў На 4 квадратах быў зроблены толькі па 1 ўліку; 3 удзельнікі ўзялі па 2 квадраты; 1 удзельнік – 3 квадраты. 2008г.: 32 квадраты – 25 удзельнікаў На 5 толькі 1 улік; 3 удзельнікі на 2 квадратах і 1 на 5 квадратах. На 15 квадратах улікі рабіліся ў 2007-08гг. Усяго было адзначана 95 відаў птушак. Зразумела, што вынікі не ўражваюць масавасьцю, таму трэба далучацца каб атрымаць больш дасканалую карціну таго, што адбываецца з нашымі звычанымі птушкамі (у Польшчы, напрыклад, штогод атрымліваюць дадзеныя з 400 квадратаў).   Я выбраў з прапанаваных каля Горадні менавіта гэты квадрат, бо па некалькі разоў на год бываю там штогод з 1993 году. Першы і адзіны свій улік там я зрабіў у чэрвені 2007 года, ў 2008 годзе час у траўні прабег так хутка, а я быў заняты іншымі справамі, і таму не зрабіў ніводнага ўліку (першы і другі ўлікі робяцца праз месяц).   Ў гэтым годзе я хацеў вырушыць на квадрат яшчэ на мінулым тыдні, але то дождж, то іншыя неспрыяльныя ўмовы перашкаджалі. І вось сёньняшняя сонечнае надвор’е выцягнула мяне з дому. Але нават цёплая куртка не ратавала мягне ад вельмі студзёнага па-зімоваму і моцнааг ветру. З-за таго, што частка квадрата прыпадае на азімыя, я ўзяў запасныя боты каб мець магчымасьць памяняць прамоклыя на сухія. Але вецер зрабіў сваю справу – абыйшлося толькі заменай шкарпэтак пасьля ўлікаў. Што ж атрымалася? З усіх бакоў былі палявыя жаўрукі: яны сьпявалі ў небе нада мной, спераду і ззаду, пераляталі па 1, 2, 3 і 4 з бакоў. Часам іх было цяжка падлічыць з упэўненасцью, што гэта не тыя самыя птушкі. Акрамя іх на азімых былі жоўтыя пліскі, лугавыя ерчыкі, праляцелі вясковыя ластаўкі і 3 (!) розных балотных луня – 2 самкі і 1 самец. На ўзараным былі кнігаўкі і нашмат менш жаўрукоў. Адзінкава адзначыў шэрую варону і сароку. А з боку квадрата з ляска пачуў звычайную стрынатку і салаўя. Відаў атрымалася не шмат. Па заканчэньні другой трансекты прыляцела на квадрат белая пліска, на дрэве кадля палявой дарогі пачала сьпяваць гуменная стрынатка. Спрытна выкарыстоўваючы вецер, на жыхароў квадрата паляваў самец поплаўнага луня. Але мая місія на сёньня была скончана, я яшчэ зьняў для ілюстрацыі гэтых назіраньняў свой квадрат і – да сустрэчы праз месяц! Тым, хто хоча далучыцца да праграмы СВМ у гэтым годзе – яшчэ ёсьць час атрымаць мэтодыкі, квадрат і паперы ў каардынатара праграмы Віктара Ліхвана. Пішыце на е-мэйл: v-lynx@mail.ru
Фотаздымкі

Каментары

Дзякуй!

Сёньня трубу не браў, бо з ёй улікі не зрабіў бы: трымаў планшэт з паперай, бінокль і GPS (каб з трансекты не зьбіцца...) - таму і здымкаў птушак для ілюстрацый не зрабіў...