20-21-06-2009: ад Горадні да Слоніма і назад

Па справах ездзілі на машыне ў Слонім. Па дарозе стараўся глядзець на птушак. І выглядзеў – каля пас.Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне на самай узбочыне сядзеў жаўрук-сьмяцюх. Цікава, што прыкладна да Мастоў было сонца і цяпло, а потым рознай цяжкасьці дажджы. Тое самае, толькі ў адваротным парадку, паўтарылася і сёньня пад час абратнай дарогі. Учора за пр. 140 км адзначыў толькі 2 самца балотных лунёў ды аднаго канюха-мышалова. Так што крызіс не толькі ў эканоміцы…


На адваротным шляху заехалі глянуць на Сынкавіцкую гатычную царкву 15 ст. Рaмонт ці яе рэканструкцыю камэнтаваць не буду. Але цікава, што ўдзоўж дарогі да яе сьцяной стаяць баршчэўнікі Сасноўскага! Такога не бачыў нават на Віцебшчыне! На ніжнім здымку на заднім плане зялёненькае каля фэрмаў – “сплашныя” зарасьнікі баршчэўніка.
Сёньня ж з трубой зазірнуў на вялізнае вадасховішча ля Зэльвы. Плавалі і ляталі каля 100 чаек-рыбачак, адзінкавыя шызыя, 6 лебедзяў-шыпуноў (здаецца, неполавасьпелых але ўжо ў дарослым пер’і) і каля 20 вялікіх коўраў (некаторыя з падрослымі птушанятамі). Ні качак, ні лысак убачыць не ўдалося.
На здымку зьверху– так выглядае вадасховішча з боку Зэльвы.

Фотаздымкі

Каментары