Вароны і сарокі: мінскі варыянт

06.04.2014 - 22:28 | AV

 Як і ў мінулым годзе, вырашыў палічыць гнёзды варон і сарок вакол свайго дому. Па водгуках калег з Заходняй Еўропы, ў Беларусі склалася досыць унікальная сітуацыя, калі гэтыя абодва віды яшчэ гняздзяцца ў гарадах побач. 

Красавік - найлепшы месяц для ўліку занятых гнёзд. Патрабуецца бінокль (можна і без яго, але каб заўважыць птушку ў некаторых гнёздах - не перашкаджае), схема квартала з дамамі (ці раздрукоўка з Гугла), ручка і 1-2 гадзіны часу. Вароны ўжо сядзелі на яйках, а сарокі трымаліся побач пабудаваных/занятых гнёздаў. У 2013 у маім квартале было 7 вароньіх і 6 сарочых гнёзд (13 тэрыторый). Прыйшлося наведаць некаторыя гнёзды яшчэ 2 разы, каб упэўніцца, ці занятыя яны. У 2014 у квартале налічыў пакуль 10 гнёздаў варон і 4 сарокі. Некаторыя новыя гнёзды варон пабудаваны проста на старых сарочых.

Некаторыя гнёзды варон цяжка ўбачыць, затое іх выдаюць паводзіны птушак. Самцы дзяжураць каля гнёзд і заўважыўшы такога стоража, пачынаеш шукаць гняздо ўважлівей. 

Пакуль толькі ў мінскіх варон я ўбачыў хітрасць гнездавання на спілах тапалёў. Такія гнёзды маюць вельмі ўстойлівае аснаванне, іх цяжка заўважыць (часам знаходзіў іх выпадкова, праз некалькі дзён пасля ўліку), хвост птушкі на іх часам закрываецца тоўстымі галінамі, гняздо невялікае. Гл. фотаграфію з хвастом вароны, зробленую сёння мабільнікам. 

Цікава, а колькі варон і сарок жыве вакол вас?

Фотаздымкі

Каментары

 Напэўна, Гродна можна ўжо адносіць да Заходняй Еўропы :), толькі замест тамтэйшай чорнай вароны, ў нас - шэрыя. Цэнтр і большая частка гораду - выключна вароны. Дзе-нідзе на ўскрайках у вельмі невялікай колькасці ёсць сарокі. Прычым (без правядзення сапраўдных улікаў) такое ўражанне, што колькасць сарок апошнія гады ў горадзе і навокал змяншаецца.

Але сытуацыя з гэтымі відамі не такая простая. Напрыклад, у польскім Беластоку, як па памерах і насельнцтву адпавядае Гродна і знаходзіцца пр. ў 70 км на захад, няма ніводнага гнязда варон, затое сарокі - звычайны гняздуючы від. Як і каўкі. 

Saša, a vy možacie udakladnic, što heta značyc "У 2013 у маім квартале было 7 вароньіх і 6 сарочых гнёзд (13 тэрыторый)."? Pra nakolki vialikaj terytoryi vy kažacie? Cikava, jakaja u vas ščylnasc hetych ptušak - prykladna na hektar?

U nas, jak ja nieadnojčy pisala, varon niama. Kauki josc, alie niešmaš - jany josc tolki na niekatorych miescach, dzie mohuc hniazdavac. A saroki josc pausiol, choc taksama nie tak až šmat. Šmat ich hniazdau pustyja - kali ličyš tolki hniazdy, vyhliadaie, što ich šmat, alie učora napryklad z 10 hniazdau, jakija ja bačyla, tolki try byli zanjatyja...