З 13.30 да 18.20, удзень да +10, вечарам да 0С, сонечна і без ветра.
Два тыдні нікуды не выходзіў і вось, нарэшце, сабраўся. Сонца прыпякае, час ёсьць – значыць, трэба рушыць на птушак! Аднак пачатак зусім не атрымаўся. Шмат хто са знаёмых ужо пытаў мяне – ці чуў жаўрукоў? Я са скрухай быў вымушаны прызнавацца, што пакуль не. Таму калі выйшаў з аўтобуса адразу чакаў, што недзе недалёка пачую жаўрукоў. Але праходзілі хвіліны, потым дзесяткі хвілін, а навокал было пуста і ціха… Дзе ж птушкі, расчаравана думаў я, з цяжкасьцю выбіраючы безгразьзевы шлях па краю разьбітай ушчэнт дарогі праз новабудоўлі Паўднёвага… Навакольныя палі таксама не радавалі: вока адзначыла тры галоўныя іх тыпы: пад сьнегам (узвораныя ўвосень), у бела-карычневыя палоскі (з азімымі) і зусім шэра-жоўценькія – убраныя палі са сьцярнёй і шматгадовымі травамі. Але ўсё як вымерла да самага каналу перад Малай Альшанкай, дзе з краю трохі далей адляцела пара шэрых курапатак. Я вырашыў паспрабаваць іх зьняць і рушыў па рэштках сьнегу ўздоўж канала, які хутка напаўняўся вадой, якая сапраўднымі ручаінамі сьцякала з дарог і з поля азімых, дзе яшчэ палосамі ляжаў сьнег. Не прайшоў і 15 м, як пачуў флейтавае журчаньне – ці не памыліў я яго з гукамі вады? – не! Гэта былі жаўрукі! Спачатку 1, потым другі і трэці ўзьняліся з азімых у паветра, неяк няўпэўнена прасьпявалі, а потым журчэлі, пералятаючы з месца на месца, як флейта і навакольная вада разам. Мачыць ногі я не хацеў і папрыгаў па палосках сьнегу да дарогі, каб рушыць далей. Тут і пачалося - з ускрайку лесу сьпявала звычайная стрынатка, і амаль адтуль жа без перапынку заводзіла свой байк гуменная стрынатка. Я ўпершыню чуў такое арыгінальнае выкананьне, і вырашыў пацвердзіць відавую прыналежнасьць. На высокай сасьне (!), м у 10 адна ад адной сьпявалі дзьве таўстадзюбыя гуменныя стрынаткі, недалёка ад іх ніжэй ціха сядзелі звычайныя. Вось дык цуд! На такой вышыні, на сасьне, два самцы і не ганяюць адзін аднаго! Перайшоў на ўбранае поле і неўзабаве выпугнуў групку прыкладна з 20 палявых жаўрукоў. Яны рассыпаліся па полю, часам сьпяваючы, а часам мурлыкаючы флейтай пад час палёту. Высока на ўсход праляцеў канюх-мышалоў, праз хвіліны 2 – яшчэ адзін, а хутка я заўважыў і ланцужок з 16 кнігавак, які пакруціліся спачатку на ўсход, потым на захад і, на рэшце, селі на азімых. Махнатаногі канюх пераляцеў з аднаго на другое дрэва каля дарогі, і я стаў падыходзіць да яго. Не дачакаўшыся майго набліжэньня, ён адляцеў. Але я ўжо заўважыў групку з 7 гуменных стрынатак, якія 6+1 сядзелі на суседніх дрэвах, прычым 2 з іх у нармальным тэмпе, з перапынкамі, сьпявалі. Каля 50 жаўрукоў праляцелі на ўсход, потым 3 кнігаўкі і яшчэ 2. За Вялікай Альшанкай амаль нада мной высока і гагочучы праляцелі 2 матузкі гусей: 33 і 23. Стала весялей – не дарма выбраўся! На выйсьці з лесу паміж В.Альшанкай і Фабрычным атрымалася з блізу зьняць некалькі фільмікаў з самкай вялікага дзятла, якая разьбівала сасновыя шышкі ў той самай кузьні м у 15 ад мяне. Зноў без перапынку сьпявалі 2 гуменныя стрынаткі адна каля адной у групе самак, якія сядзелі разам на адным дрэве, а потым на провадзе. Разам іх было 19! Ніколі яшчэ я не бачыў іх у такой колькасьці адна каля адной! З лесу выбухова пракрычаў чорны дрозд – як вясною або летам. Але мяне ўжо было не падмануць – птушкі яшчэ не занімаюць гнездавыя ўчасткі. Ўсе адзначаныя пералёты і песьні – толькі трэніроўка перад надыходам сапраўднай вясны. Тры канаплянкі з даволі бляклымі ружовымі пер’ямі на грудзях толькі пераканалі мяне ў гэтым. А касматаногі канюх, які паляцеў на захад і зусім не сьпяшаўся ў тундру, толькі дадаваў упэўненасьці. Хутка зноў, прама на мяне, наляцела адна вялікая і гагочучая група з 74 гусей – кіраваліся яны на паўднёвы ўсход. На ўзараным полі збоку ад Фабрычнага дзьве кнігаўкі рассталіся – адна паляцела прыкладна за гусямі, а другая вырашыла застацца на полі, адзін раз са сваім звычайным крыкам зрабіўшы кароткі аблёт. Ўжо за Фабрычным 7 шпакоў, сьпяваючы свае папсовыя песьні, сядзелі высока на правадах ЛЭП. Недалёка ад іх, не зьвярнуўшы на іх увагі, праляцела ў бліжэйшы лясок самка шуляка-карагольчыка. Я нават не пацягнуўся за фоцікам – нагэтулькі нечакана было яе раптоўнае з’яўленьне ўсяго ў 15 м ад мяне. Яшчэ сустрэнемся, калі сюды прыйдзе сапраўдная вясна! На фотках: "Сасновая" гуменная стрынатка Гуменныя стрынаткі мірна сядзяць адна каля адной Самка вялікага дзятла Канаплянка 74 гуся Вясна яшчэ не прыйшла...- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 15.03.2009 - 11:21
Учора Жорж Гулеўскі каля
Учора Жорж Гулеўскі каля Зялёнай чуў першага дразда-сьпевуна (T. philomelos) і угуканьне першага вялікага галуба(C.palumbus).