Трапічныя птушкі чакалі на сухапутны “мост”

Новае даследаванне паказала, што трапічныя птушкі чакалі, пакуль Паўднёвая і Паўночная Амерыка не злучацца дзякуючы Панамскаму перашыйку каб перасунуцца на поўнач – не гледзячы на тое, што яны, здаецца, і да гэтага былі здольныя пераляцець адлегласць, якая раздзяляла гэтыя кантыненты.
Праца, апублікаваная ў Proceedings of the National Academy of Sciences, была зробленая навукоўцамі з універсітэту Брытанскай Калумбіі і Смітсонеўскага інстытуту трапічных даследаванняў у Панаме (University of British Columbia and Smithsonian Tropical Research Institute in Panama) пасля параўнання ДНК 457 відаў птушак з абодвух бакоў Панамскага каналу. Фамільнае дрэва такіх відаў, блізкіх адзін аднаму, паказала, што ўзаемны абмен генамі паміж імі драматычна ўзрос пасля ўтварэння сухапутнага “маста” між кантынентамі.  
"Тады як многія віды птушак з Паўночнай Амерыкі проста пераляталі праліў які ў той час аддзяляў кантыненты, трапічныя птушкі, асабліва з рэгіёну Амазоніі, пачалі актыўную каланізацыю Паўночнай Амерыкі толькі пасля ўзнікнення сухапутнага шляху.” – сказаў Джэйсан Уэйр (Jason Weir), адзін з аўтараў даследавання. 
Гэта першае даследаванне такога маштабу, таму яго высновы вельмі цікавыя.
Узнікненне Панамскага перашыйка адбылося прыкладна 3-4 мільёны гадоў таму. Яно прывяло да значнага ўзаемнага ўзбагачэння фаун абодвух амерыканскіх кантынентаў.
Паводле палеанталагічных сведчанняў, некаторыя віды звяроў праніклі на поўнач, а некаторыя, наадварот, на поўдзень. Аднак адсутнасць дастатковай колькасці акамянелых рэшткаў птушак рабіла немагчымым вырашыць задачу ці сухапутны “мост” таксама значна прычыніўся і да абмену паміж орнітафаунамі.
Галоўнай прычынай рэзкага пачатку каланізацыі поўначы трапічнымі птушкамі менавіта пасля з’яўлення магчымасці падарожжа над сушай, даследчыкі лічаць іх няздольнасць пралятаць вялікія адлегласці над адкрытай вадой.

Здымак аднаго з трапічных відаў калібры з www.treehouseshotelcostarica.com 
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by