У птушак вельмі добрая памяць, аднак у адрозненне ад млекакормячых, вельмі мала вядома пра тое, як яна ўтвараецца пад час сну. Даследчыкі з інстытуту арніталогіі Макса Планка (Max Planck Institute for Ornithology, Германія) і ўніверсітэту Утрэхта (Utrecht University, Нідэрланды) запісывалі хвалі павольнай актыўнасці, якія праходзяць праз мозг галубоў пад час сну. Яны вельмі падобны на тыя, што назіраюць у звяроў. Аднак іншыя тыпы актыўнасці мозга, добра вядомыя ў млекакормячых і адказныя за асобныя тыпы кансалідацыі памяці, у галубоў не былі знойдзеныя. Таму навукоўцы зрабілі высновы, што птушкі могуць утвараць некаторыя тыпы памяці ці ўспамінаў інакш, чым гэта робяць звяры.
Сон у птушак і звяроў адбываецца вельмі падобна пад час двух выразных фаз. Пад час фазы Хуткага руху вачыма (rapid eye movement (REM), вочы і сапраўды рухаюцца пад павекамі, аднак іншыя мышцы не напружаны і мозг актыўны. Таму ў гэтай фазе жывёла фактычна не рэагуе на знешняе асяроддзе. Другая фаза – Сон павольных хваляў (slow-wave sleep), якую часам таксама называюць фазай не-REM. Для млекакормячых вядома, што пад час гэтай фазы адбываецца утварэнне доўгатэрміновай памяці. А менавіта камбінацыя трох рытмаў працы мозгу ў гіппакампе і неакортэксе (hippocampus and neocortex) разам паступова перадаюць кароткачасовую памяць з гіппакампа ў неакортэкс на доўгачасовае захаванне.
Тры рытмы працы мозгу ўключаюць павольныя хвалі неакортэксу, талама-картыкальныя верацёны і т.зв. гіппакампальныя востра-хвалевыя пульсацыі. "На энцефалаграмах, запісаных намі ў птушак, мы змаглі знайсці толькі павольныя хвалі з паверхні мозгу.” – сказала Жаклін ван дэр Мейдж (Jacqueline van der Meij), галоўная аўтарка публікацыі па выніках даследавання. "Калі ўлічваць, што ў птушак выдатная доўгатэрміновая памяць, мы былі здзіўленыя тым, што не змаглі ўбачыць на энцэфалаграмах пульсацыі – магчыма, яны адбываліся недзе глыбей у мозгу”. Актыўнасць мозгу правяралася ў розных слаях гіперпалліума (hyperpallium) – у птушак гэта адпаведнік новай кары – неакортэкса звяроў, у галубоў, якія спалі самастойна і натуральна.
Аднак і ў іншых слаях гіперпалліума былі знойдзены пад час сну толькі павольныя хвалі. Таму адзіным разумным тлумачэннем знойдзенага адрознення паміж актыўнасцю мозгу пад час сну ў птушак і звяроў можа быць розны механізм утварэння доўгатэрміновай памяці. У млекакормячых памяць з пачатку захоўваецца ў гіппакампусе і перадаецца ў неакортэкс пад час сну. Аднак калі памяць з гіппакампуса птушак нікуды далей не перадаецца, то яны могуць абыходзіцца для яе захоўвання і без пульсацый.
“Тым не менш, нашы знаходкі кажуць пра тое, што павольныя хвалі ў мозгу як звяроў, так і птушак могуць быць звязаныя не толькі з трансфармацыяй памяці ў абодвух таксонаў, але таксама і з больш агульнымі працэсамі працы мозгу” – сказала ван дэр Мейдж.
Крыніца:
Jacqueline van der Meij et al. Intra-"cortical" activity during avian non-REM and REM sleep: variant and invariant traits between birds and mammals, Sleep (2018). DOI: 10.1093/sleep/zsy230
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак шызага галуба Юліі Якімчык
На гэтую тэму:
Навукоўцы ўпершыню даказалі тое, пра што даўно здагадваліся – птушкі могуць спаць у палёце!
Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ