Заходзь на EuroBirdPortal – і паляцелі!

На гэтым тыдні EuroBirdPortal (ЕВР) - вялікі еўрапейскі праект па вывучэнні міграцыі птушак - прадставіў сваю абноўленую версію анімацыі пралётаў больш 100 відаў. Цікава, што цяпер дадзеныя на мапах абнаўляюцца штодня, дзякуючы прыкладна 120 тысячам назіранняў, якія заносяць у базы дадзеных назіральнікі з большасці краін Еўразвязу. 

На партале ёсць адмыслова падрыхтаваныя відэа-інструкцыі па карыстанню з мапаў, выбары відаў і анімацыі.

Анімацыя заснаваная на дадзеных па квадратах 30х30 км прысутнасці ці з’яўлення-адлёту 105 відаў птушак, якія збіраліся з 2010 году. Можна выбраць або асобны від і ўводзіць пераменныя, каб паглядзець анімацыю адпаведна 4 кліматычным і 5 іншым параметрам – такія мапы зроблены з зумам, а таксама можна выбраць “двойкі” відаў для параўнання. Анімацыя заснаваная на 320 мільёнах асобных назіранняў, што разам з камбінацыямі дат, відаў і іх двоек, рознымі іх параметрамі дае 50 мільёнаў камбінацый! 

Бёрдуотчары, якія размяшчаюць дадзеныя сваіх назіранняў на нацыянальных парталах ці базах дадзеных і якія потым трапляюць у BirdTrack, даюць магчымасць выкарыстоўвываць для гэтага праекта каля 45 мільёнаў назіранняў штогод!  Габрыэль Гаргалла (Gabriel Gargallo), каардынатар праекту EBP, сказаў: "Са значным павелічэннем тэрыторыі ахопу, якасці дадзеных і магчымасці выкарыстання іх амаль “ужывую”, мы цяпер паказваем што атрымалася зрабіць за апошнія тры гады дзякуючы гранту ЭЗ – гэта вялікі крок наперад”.

"З такой колькасцю дадзеных, якія патрэбныя для разумення і візуалізацыі размяшчэння птушак у Еўропе і зменаў у ім, якія адбываюцца з часам, мы можам выкарыстоўвываць гэта для распрацоўкі новых праграм і праектаў па ахове і кіраванню папуляцыямі птушак і звязанымі з імі праблемамі.

Аднак усё гэта было б немагчымым калі б больш, чым 120 тысяч бёрдуотчараў не дзяліліся б рэгулярна сваімі дадзенымі на розных нацыянальных ці міжнародных парталах. “Жывая” версія EBP-анімацыі выдатна дэманструе, наколькі важнай можа быць роля нават паасобнага назіральніка ў падобным маштабным праекце”.

Скот Мэйсан (Scott Mayson), арганізатар BirdTrack у Брытанскім арніталагічным трасце  BTO, дадаў: "Гэта выдатна – бачыць столькі назіранняў бёрдуотчараў, якія прычыніліся да гэтага праекту. Я заўсёды марыў назіраць за тым, як, напрыклад, ластаўкі вяртаюцца дахаты – і цяпер я магу гэта рабіць! Гэта прыклад грамадзкай навукі у сваім лепшым сэнсе”.

Каб самастойна убачыць магчымасці абноўленага партала, заходзьце - eurobirdportal.org

Паводле www.birdguides.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Выкарыстаны скрыншот актуальнага стану міграцыі вясковай ластаўкі і звычайнай зязюлі ў Еўропе з партала EBP

 

 

На гэтую тэму:

EuroBirdPortal прадставіў шыкоўную версію візуалізацыі дадзеных па птушках Еўропы

Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру

СОРАК ГАДОЎ САМЫХ ВЯЛІКІХ УЛІКАЎ ПАКАЗАЛІ ШТО ЗМЯНІЛАСЯ З ПТУШКАМІ Ў ВЯЛІКАБРЫТАНІІ

"ВЯЛІКІЯ ЎЛІКІ ПТУШАК" З АМЕРЫКАНСКІХ ПЕРАРАСЛІ Ў ГЛАБАЛЬНЫЯ

ЗВЫЧАЙНЫЯ ВІДЫ ПТУШАК У ЕЎРОПЕ ПЕРАСТАЮЦЬ БЫЦЬ ЗВЫЧАЙНЫМІ