У самым пачатку лістапада на возеры Der-Chantecoq, якое знаходзіцца на паўночным усходзе Францыі, арнітолагі налічылі ажно 268.120 шэрых жураўлёў (Grus grus)! Гэта не толькі новы рэкорд колькасці для ўлікаў гэтага віда за адзін дзень на адным месцы, але і прыкладна палова ўсёй яго еўрапейскай папуляцыі!
Папярэдні рэкорд быў таксама зроблены на тым самым возеры і таксама ў лістападзе, але ў 2014 годзе. Тады навукоўцы налічылі там 206.000 жураўлёў! Сур’ёзныя падставы лічыць, што той рэкорд сёлета будзе пабіты, былі атрыманы на возеры 3-га кастрычніка, калі там сабраліся амаль 195 тысяч жураўлёў.
Шэры журавель – самы звычайны з 15 відаў жураўлёў свету, агульная папуляцыя якога налічвае прыкладна 700 тысяч птушак. Арэал віда расцягнуты ад паўночнага усходу Еўропы праз Расію да Манголіі, праз паўночны Кітай ва ўсходнюю Сібір.
Еўрапейская папуляцыя ацэньваецца прыкладна ў 600 тысяч асобін і павялічваецца апошнія тры дзесяцігоддзі. Галоўнай прычынай пазітыўных зменаў лічацца змены ў вядзенні сельскай гаспадаркі, якія забяспечваюць мноства ежы на месцах зімоўкі і пад час міграцыі да іх. Гэта значна зменшыла смяротнасць і дазваляе жураўлям вяртацца на месцы гнездавання ў лепшай форме.
Возера Der-Chantecoq знаходзіцца на т.зв. заходнім пралётным шляху віда і добра вядомае даследчыкам як важны прыпынак на шляху міграцыі жураўлёў да месцаў зімоўкі на Іберыйскі паўвостраў. Жураўлі, якія выкарыстоўваюць гэты шлях пралёту, гняздуюць у Скандынавіі (Нарвегіі, Швецыі, частцы Фінляндыі), краінах Цэнтральнай Еўропы (Германіі, Польшчы, Чэхіі) і краінах Балтыі (Латвіі, Літве і Заходняй Эстоніі). Частка з гэтых жураўлёў зімуе таксама ў Германіі і на поўначы Францыі.
Аднак большасць фінскіх птушак, як і многія эстонскія жураўлі, ляцяць т.зв. Балтыйска- Вянгерскім пралётным шляхам з прыпынкамі на усходзе Венгрыі і поўначы Сербіі, дзе таксама многія птушкі застаюцца на ўсю зіму. Аднак астатнія працягваюць палёт да месцаў зімоўкі ў Паўночнай Афрыцы праз Італію.
Жураўлі з паўднёва-усходняй Фінляндыі, усходу Эстоніі і захаду Расіі ляцяць т.зв. Усходне-Еўрапейскім пралётным шляхам праз Чорнае мора, Турцыю ў Ізраіль. Аднак некаторыя з гэтых птушак зімуюць значна далей – ажно ў Эфіопіі або іншых краінах Усходняй Афрыкі.
Птушкі з больш усходніх папуляцый, якія гняздуюць навокал Каспійскага мора, выкарыстоўваюць т.зв. Волжска-Іранскі пралётны шлях і зімуюць у Іране. І нарэшце самыя усходнія жураўлі, з Манголіі і Усходняй Сібіры, зімуюць на Індыйскім субкантыненце і часткова у Кітае і М’янме.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Шведы сустракаюць тысячы жураўлёў
За журавлями на Ельнинский Мох
Фламінга ў Францыі "паўдзельнічалі" у здымках фільму - ёсць шматлікія ахвяры
Галубы гатовы траціць больш энергіі, каб толькі ляцець разам
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ