Агульнапрынята лічыць, што тыя віды птушак, якія лятаюць, утвараючы V-падобныя ключы – такія, як гусі, качкі, жураўлі і іншыя, дзякуючы гэтаму эканомяць энергію з-за больш аптымальнага для аэрадынамікі палёта. Аднак для іншых відаў, якія лятаюць у групе іначай, кошты пералётаў разам з іншымі асобінамі былі невядомыя. І вось цяпер аказалася, што яны могуць быць значна большымі, чым для палётаў паасобна.
Група навукоўцаў з універсітэту Оксфарда (Вялікабрытанія) атрымала парадаксальныя вынікі пад час даследавання шызых галубоў (Columba livia f. urbana). Галубы, якія ляцелі ў парах ці двойках, рабілі адзін дадатковы ўзмах крыламі ў секунду ў параўнанні з палётам без іншых птушак побач.
“Атрыманыя намі вынікі былі зусім нечаканымі. Энергія – галоўная валюта жыцця, таму вельмі дзіўна, што птушкі гатовыя “плаціць” адчувальна больш энергіі каб ляцець разам” – сказала д-р Люсі Тэйлар (Dr. Lucy Taylor), галоўная аўтарка публікацыі па выніках даследавання.
Даследчыкі выкарыстоўвалі высокачастотныя GPS-лоджэры і акселерометры каб ведаць, з якой частатой галубы ўзмахваюць крыламі пад час палётаў паасобна і ў парах. Хутчэй за ўсё неабходнасць у дадатковых узмахах крыламі звязана з неабходнасцю птушак у парах каардынаваць сумесны палёт. “Уявіце сабе каардынацыю палёта на хуткасці каля 50 км у гадзіну, пад час якога птушкі могуць змяняць кірунак і вышыню. Для галубоў больш хуткі палёт дзякуючы больш частым узмахам крыламі дае лепшую магчымасць адпаведна рэагаваць на змены ў палёце партнёра, і ляцець побач з іншай птушкай”.
Негледзячы на яўныя дадатковыя страты энергіі пад час падобных палётаў, галубы пастаянна выбіралі палёты ў парах ці ў двойках. Гэта сведчыла б пра яўныя карысці ад такіх паводзін. Сярод іх аўтары артыкула называюць магчымасць лепшай навігацыі пад час палётаў на большыя адлегласці і больш хуткую выкрывальнасць патэнцыйных драпежнікаў побач.
Крыніца:
Lucy A. Taylor et al, Birds invest wingbeats to keep a steady head and reap the ultimate benefits of flying together, PLOS Biology (2019). DOI: 10.1371/journal.pbio.3000299
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Юліі Якімчык
На гэтую тэму:
Шчуркі-пчалаедкі мігрыруюць у вялікіх рознасямейных групах
Сініцам не перазімаваць асобна, без групы
Партнёры ў кулікоў дамаўляюцца паміж сабой, але як – застаецца незразумелым
Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію
Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц
Крылы чубатых галубоў утвараюць гукі трывогі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ