Крылы чубатых галубоў утвараюць гукі трывогі

Многія жывёлы выдаюць розныя гукі трывогі, каб папярэдзіць іншых чальцоў сваёй групы пра небяспеку. Цяпер навукоўцы даказалі, што чубатыя галубы (Ocyphaps lophotes) робяць гэта без ужывання голасу. Адно з іх махавых пёраў утварае высокі гук, калі птушкі раптоўна ўзлятаюць. Калі, каб уляцець ад драпежніка, галубы хутчэй махаюць крыламі, гэты свіст-сігнал трывогі таксама гучыць больш часта.

Важна, што іншыя галубы, якія чуюць гэты гук, таксама адлятаюць. Таму гэта не аўтаматычны гук, які ўзнікае пад час любога палёту галубоў, а менавіта сігнал трывогі.

"Чубатыя галубы падаюць сігнал аб небяспецы гукам крылаў, не голасам” – кажа Трэвар Маррэй (Trevor Murray) з Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэту. "Аказалася, што гэтыя птушкі сапраўды могуць ужываць свае пёры ў якасці “музычных інструмэнтаў” каб камунікаваць з іншымі”.

Чарльз Дарвін прапанаваў ідэю пра негаласавую камунікацыю птушак прыкладна 150 гадоў таму, аднак тады гэта было цяжка пацвердзіць або абвергнуць.

Каб праверыць ці сапраўды “свісцячыя пёры” утвараюць гукі трывогі, даследчыкі не толькі знялі ўзлёт галубоў хуткаснай відэакамерай, але і выдалялі некаторыя махавыя пёры ў птушак, а потым сачылі за гукамі пад час палёту. Аказалася, што 8-е вельмі вузкае махавае і выдае менавіта высокі свісцячы гук. Адначасова атрымалася паказаць, што 9-е махавае ўтварае ў палёце нізкія гукі, аднак прайграванне іх птушкам у прыродзе паказала, што толькі высокія гукі ўспрымаліся як папярэджанне аб небяспецы.

Чубатыя галубы – не адзіныя птушкі, якія выкарыстоўваюць крылы для ўтварэння гучных гукаў. Галубы ўвогуле лятаюць параўнальна гучна. Калібры, напрыклад, таксама лятаюць з выразным металічным гукам. Магчыма, што падобныя гукі таксама могуць служыць як элемент камунікацыі паміж птушкамі.

"У птушак такія выразныя галасы, што мы збольшага ігнаруем іх здзіўляючую здольнасць утвараць гукі і інакш” – сказаў адзін з сааўтараў даследавання.

 

Крыніца:

Murray et al. (2017) "Sounds of Modified Flight Feathers Reliably Signal Danger in a Pigeon" Current Biology, DOI: 10.1016/j.cub.2017.09.068

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

ФІЛУ КОЛЛІНЗУ НЕ БЫЛО Б СОРАМНА ЗА КАКАДУ

АДРОЗНЕННІ Ў ПЕСНЯХ ІЗАЛЮЮЦЬ ВІДЫ

ЦІ ЗВЯЗАНЫ АДРОЗНЕННІ Ў ВАКАЛІЗАЦЫІ ПАМІЖ САМЦАМІ І САМКАМІ ПТУШАК З МУСКУЛАТУРАЙ СІРЫНКСА?

ЗЯЗЮЛІ ЗАПАЛОХВАЮЦЬ ПТУШАК, ЯКІМ ПАДКІНУЛІ СВАЕ ЯЙКІ

CОВЫ НЕ ГЛОХНУЦЬ З УЗРОСТАМ?