Дзіўная зіма: Агляд назіранняў Клуба200 за студзень і люты-2020

За два першыя месяцы года, якія толькі ўмоўна можна назваць зімовымі бо на захадзе краіны не было снега і большасць вадаёмаў засталася без ільда, было зроблена ўсяго толькі 22 паведамленні пра назіранні 14 відаў са Спісу Клуба200. З іх адзін від не атрымалася дакладна вызначыць. Дарэчы, Спіс быў абноўлены як раз год таму, што, канешне, сказалася на колькасці і разнастайнасці нашых сёлетніх паведамленняў, бо пра найбольш частыя менавіта для зімы назіранні рагатых жаўрукоў і попельных чачотак больш не паведамляюць ў Клуб.

За два дні да заканчэння каляндарнай зімы было зроблена адно з самых цікавых назіранняў – пры мяжы з Польшчай механізатарам пад час вясновых прац была адзначана і сфатаграфаваная на мабільны тэлефон пара Нільскіх гусей (Alopochen aegyptiaca). Гэты чужародны для Еўропы від ўпершыню рэгіструецца ў нашай краіне, аднак яго статус незразумелы і ў якую катэгорыю ён трапіць, будзе вырашаць Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК). Варта дадаць, што арнітолагам і бёрдуотчарам паўтарыць назіранне механізатара ў наступныя дні не атрымалася. Аднак польскія калегі паведамілі пра ўжо штогадовыя сустрэчы нільскіх гусей ва ўсходніх ваяводствах з 2018 году, таму варта чакаць наступных сустрэч менавіта ў заходняй частцы Беларусі.

птушкі

Малы лебедзь (Cygnus columbianus) – адзіная рэгістрацыя за два месяцы адбылася 31.01.2020, але яна другая з пачатку каляндарнай зімы (першая была 23.12.2019). Прычым абедзьве зроблены на тым самым месцы – на балоце Грайна, Бераставіччына. Від з 2015 году адзначаецца на зімоўцы амаль штогод, але ў невялікай колькасці і толькі ў Заходняй Беларусі. У сувязі з павелмчэннем колькасці зімуючых птушак у Германіі і на захадзе Польшчы, можна чакаць паступовага павелічэння зімовых рэгістрацый віду і ў нас.

https://youtu.be/KqtM3jaejiI

 

Пярэстая качка (Tadorna tadorna) – першая зімовая рэгістрацыя, якая была зроблена 18.02 пад Мінскам. Самец як мінімум наступныя некалькі дзён трымаўся вадасховішча і стаў лайферам для некалькіх бёрдуотчараў, якія спецыяльна прыехалі на яго паглядзець:

птушка

Самец пярэстай качкі, 18-02-2020, Мінск, Здымак Дзяніса Пасанена

Нырок-сіньга (Melanitta nigra) – тая ж ці розныя птушкі адзначаны на вадасховішчы пад Мінскам тройчы за каляндарную зіму і двойчы за два мінулыя зімовыя месцы: 30.01 і 26.02. Адзначаецца зімой нерэгулярна і ў вельмі невялікай колькасці – ад 1 да 4 птушак.

птушка

Нырок-сіньга, 26-02-2020, Мінск, Здымак Міхаіла Ціхановіча

Нырок-свірок (Melanitta fusca) – адзіная рэгістрацыя адбылася 14.02 на Нёмане ў Гродзенскім раёне. Магчыма, што тая ж птушка была амаль у тым жа месцы 02.12.2019. У зімовыя месяцы ў невялікай колькасці свіркі рэгулярна адзначаюцца ў розных частках Беларусі.

Нырок-маранка (Clangula hyemalis) – адзіная рэгістрацыя, 2 птушкі на вадасховішчы пад Мінскам былі адзначаныя 26.02. У зімовыя месяцы рэгулярна сустракаецца ў вельмі невялікай колькасці (часцей адзінкавыя птушкі) у розных рэгіёнах краіны.

птушкі

У цэнтры - нырок-маранка, Мінск, 26-02-2020.Здымак Міхаіла Ціхановіча

Чырвонаносы нырок (Netta rufina) – дзве першыя зімовыя рэгістрацыі ў розных рэгіёнах краіны. Адзін самец прыкладна два тыдні трымаўся на розных мінскіх вадаёмах, упершыню адзначаны там 29.01, дзякуючы чаму прыцягнуў увагу многіх сталічных бёрдуотчараў. Іншы самец упершыню назіраўся 15.02 у Брэсце, дзе таксама стаў лакальнай зоркай у наступныя дні.

птушка

Самец чырвонаносага нырка, Мінск, 09-02-2020. Здымак Ірыны Самусенка.

Арол-маркут (Aquila chrysaetos) – хаця менавіта зімовых рэгістрацый віда ў нас найбольш (па зразумелых прычынах гняздуючыя птушкі адсутнічалі ў спісе назіранняў, а з мінулага году від знік як гняздуючы), яны адносяцца да адзінкавых арлоў. Таму назіранне адначасова двух птушак, зробленае 03.01 на Любаншчыне, вельмі цікавае.

Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) – адзіная рэгістрацыя за ўсю зіму, якая адбылася 23.01 у Слуцку. Хаця від знік на гнездаванні ў Беларусі ў 1973 годзе, часцей адзінкавыя маладыя і дарослыя птушкі рэгулярна адзначаюцца на пралёце і на зімоўцы.

птушка

малады сокал-падарожнік, Слуцк, 23-01-2020. Здымак Мікалая Вераб'я

Марская чайка (Larus marinus) – тая ж самая неполаваспелая птушка назіралася на ачышчальных сажалках на ўскрайку Мінска 19.01 і 01.02.. З 2018 г. адзінкавыя чайкі гэтага віду рэгіструюцца на р.Свіслач у межах Мінска штозіму.

птушкі

Першая ў цэнтры - марская чайка. 01-02-220, Шабаны, Мінск. Здымак Ірыны Самусенка

Сняжурка (Plectrophenaх nivalis) – адзін з тых нешматлікіх відаў птушак, якія прылятаюць да нас на зімоўку, калі ў Арктыку, дзе яны гняздуюць, падступае зіма. З-за адсутнасці снега ўбачыць гэтых птушак нашмат цяжэй, бо тады яны не трымаюцца пустазелля на ўзбочынах, а харчуюцца непасрэдна на палетках. Магчыма таму за ўсю зіму адбылося толькі 5 рэгістрацый віда, 1 з іх у студзені, 22.01 на ўускрайку Мінска і 3 ў лютым: 16.02 на Гарадзеншчыне,  19.02 на Віцебшчыне і 25.02 на Міншчыне. Для параўнання, у папярэднюю зіму было 13 паведамленняў пра сустрэчы віда, за зіму 2017-18 гг – 21 паведамленне, за зіму 2016-17 гг – 13 паведамленняў.

птушкі

Сняжуркі, 25-02-2020, Чэрвенскі раён.Здымак Міхаіла Ціхановіча

Горная чачотка (Carduelis flavirostris) – усяго тры сустрэчы за гэтую зіму, прычым 1 ў снежні і 2 – у лютым. На Міншчыне птушкі былі адзначаныя 15.02, на Гарадзеншчыне чародка птушак хутчэй за ўсё правяла ўсю зіму ў той самай адкрытай пойме і была заўважана 16.02.

птушкі

Горная чачотка (зверху), Любанскі раён, 15-02-2020. Здымак Мікалая Вераб'я

Белая сініца (Cyanistes cyanus) – агулам гэтай зімой адбылося некалькі рэгістрацый віда, якія былі зведзеныя ў 3 паведамленні. Працягваецца беларуска-фінскі праект па зімовых адловах віда для каляровага кальцавання, марфалагічных і будучых генетычных даследаванняў. Пад час першых адловаў гэтай зімы, 05.12 ў Пінскім раёне было адлоўлена 17 птушак, прычым 2 з іх былі з мінулагоднімі кольцамі. У другой палове студзеня адловы працягнулі ў Калінкавіцкім, Мазырскім і Петрыкаўскім раёнах на Гомельшчыне, дзе агулам назіралі 13 сініц, з якіх 8 закальцавалі. Не менш цікавым стала і назіранне пары птушак у межах Мазыра 25.02.2020.  

птушкі

Белыя сініцы, Гомельшчына, студзень 2020. Здымак Андрэя Шэўчыка

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак палявання сокала-падарожніка на шызага голуба - Мікалая Вераб'я

 

 

На гэтую тэму:

У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНА НІЛЬСКАЯ ГУСЬ - НОВЫ ДЛЯ КРАІНЫ, АЛЕ ЧУЖАРОДНЫ ВІД ПТУШАК

Выдатны пачатак: Агляд цікавых назіранняў Клуба200 за студзень-2019

Агляд цікавых назіранняў за студзень-2017: снежны падарожнік і тундравыя ўсе-ўсе-ўсе

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

Песімістычны люты і аптымістычны сакавік: агляд цікавых назіранняў птушак за пачатак вясны-2019

Больш траціны відаў са Спіса птушак Беларусі – у абноўленым Спісе відаў Клуба200