Каровы дапамагаюць белым буслам паляваць

Польскія навукоўцы знайшлі, што каровы на зялёных пашах павялічваюць поспех паляванняў белых буслоў (Ciconia ciconia) побач з імі. Магчыма, што паляваць каля быдла буслы навучыліся некалі пад час зімовак у Афрыцы. Там параўнальна шмат розных відаў капытных пасвіцца ў саване, якая вельмі падобная да нашых пашаў са шматгадовых траў.

Поспех паляванняў буслоў вызначалі арнітолагі з Польскага таварыства аховы птушак (Polskiego Towarzystwa Ochrony Ptaków (РТОР)), універсітэту у Кембрыджы (Вялікабрытанія) і Познаньскага прыродазнаўчага ўніверсітэту (Польшча). Атрыманыя імі вынікі дазваляюць лепш зразумець, чаму белыя буслы любяць выкарыстоўвываць для палявання фрагменты лугоў і пашаў, асабліва там, дзе пасвяцца каровы.

"Каровы могуць мець вялікае значэнне для аховы белага бусла. Мы праводзілі нашы даследаванні ў экстэнсіўным сельскагаспадарчым ландшафце Паўночнай Польшчы і там пацвердзілася, што каровы ‘дапамагаюць’ буслам паляваць каля іх. Тут у большасці фермерскіх гаспадарак каровы пасвяцца на зялёнай пашы цёплую палову году. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што менавіта на паўночным усходзе Польшчы існуе самая вялікая шчыльнасць белых буслоў у краіне” – сказаў Adam Zbyryt з PTOP.

"Буслы, хаця спрабавалі злавіць здабычу прыблізна аднолькавую колькасць раз і калі палявалі самотна, і побач з каровамі, то каля кароў гэта было паспяховым значна часцей. Так, каля кароў на пашы ў сярэднім 90% спробаў былі паспяховымі, а без іх толькі ў 60% выпадкаў” – дадаў Zbyryt.

Акрамя гэтага, буслы, якія харчаваліся каля кароў на пашы, значна менш перамяшчаліся, поспех палявання быў больш стабільны на працягу ўсяго дня ў параўнанні з птушкамі, якія палявалі самотна. У гэтых апошніх поспех палявання быў самым нізкім каля палудня і паступова павялічваўся пад вечар. Але і так ніколі не дасягаў значэнняў тых буслоў, якія палявалі каля кароў. Іншы цікавы аспект даследаванняў аказаўся ў тым, што большая колькасць кароў на канкрэтнай пашы ‘давала’ большы поспех палявання буслам побач з імі.

"З пункту гледзішча эвалюцыі, цікавае паходжанне падобных паводзін. Хутчэй за ўсё, буслы ‘прынеслі’ іх ў Паўночнае паўшар’е, дзе размнажаюцца, з Паўднёвага, дзе зімуюць, разам з развіццём сельскай гаспадаркі ў Еўропе. Птушкі, якія пастаянна зімавалі побач са стадамі розных траваядных афрыканскіх жывёл, выкарысталі свой ‘афрыканскі досвед’ у Еўропе. Асабіста мне атрыманыя вынікі падобныя да нашых ранейшых даследаванняў узаемасувязяў птушак з вялікімі траваяднымі ў Афрыцы” – сказаў д-р Piotr Tryjanowski, дырэктар Інстытуту заалогіі Прыродазнаўчага ўніверсітэту ў Познані.

Паводле www.naukawpolsce.pap.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

Белыя буслы з Германіі і Аўстрыі: у першы год жыцця загінулі 9 з 10

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Белыя буслы, якія засталіся ў нас на зіму - ці трэба іх ратаваць?

Харчаванне на звалках дапамагае белым буслам павялічыць поспех размнажэння

Гнёзды белых буслоў “павялічваюцца” на 60 кг штогод