Усе з нас бачылі гнёзды белых буслоў (Ciconia ciconia), змешчаныя ў розных месцах: на дрэвах, слупах і воданапорных вежах. Зразумела, што велічыня гнязда залежыць ад яго веку - чым гняздо старэйшае, тым павінна быць большым (вышэйшым), бо штогод птушкі прыносяць новы матэрыял і папраўляюць яго. Аднак з часам вага гнязда робіцца завялікай для апоры, на якой яно знаходзіцца і або ламае гэтую апору, або само гняздо звальваецца пад напорам моцнага ветру пад час навальніцы ці ўрагану. Каб пазбегнуць такога драматычнага развіцця падзей, Польскае таварыства аховы птушак у праекце Life, які прысвечаны ахове белага бусла ў Паўночна-Усходняй Польшчы, прадугледзела перанос падобных небяспечных гнёздаў на асобна размешчаныя слупы і змяншэнне іх памераў з дапамогай пілы.
Дзякуючы перамяшчэнню гнёздаў гэтай зімой і спецыяльным вагам, атрымалася узважыць ажно 88 з іх! Негледзячы на тое, што від здаўна жыве побач з чалавекам і даволі добра вывучаны асаблівасці яго гнездавання, гэты аспект заставаўся малавядомым. У літаратуры атрымалася знайсці толькі адзінкавыя выпадкі ўзважвання гнёздаў белага бусла, прычым у Польшчы былі дадзеныя для 3 выпадкаў, у іншых краінах- яшчэ для некалькіх. Аднак падобныя дадзеныя вельмі важныя як для энергетычных кампаній, так і для ўладальнікаў будынкаў ці іншых пабудоў, на якіх буслы гняздуюць, бо дапамагаюць ацаніць небяспеку і разлічыць нагрузку, якую гнёзды аказваюць на апору, на якой размешчаныя.
Аказалася, што на аснове вышыні гнязда, якую нецяжка ацаніць параўнаннем з прадметамі вядомай велічыні, каля якіх размешчанае гняздо (цэгла, ліст шыферу ці дахоўка і гд), можна даволі дакладна даведацца і пра вагу гнязда, таму што абедзве велічыні моцна карэлююць паміж сабой.
Такім чынам, гняздо вышынёй 0,5 м важыць пр. 300 кг, гняздо вышынёй 1 м- пр. 700 кг! Цікава, што усе правераныя намі гнёзды аказаліся параўнальна сухімі ўнутры – вільготнасць была толькі 15-20%. Самае лёгкае перанесенае намі гняздо важыла толькі 70 кг, а самае старае і цяжкае- 1250 кг:
Для некаторых гнёздаў атрымалася таксама устанавіць дакладны ўзрост і, дзякуючы гэтаму, колькі гнездавога матэрыялу птушкі прыносяць у сярэднім штогод. Аказалася, што гэта 63 кг – ці ў 20 разоў больш, чым важыць сама птушка! Калі параўнаць гэта з чалавекам, які важыць 80 кг, то ён бы павінен быў прынесці на сабе 1600 кг, ці ў пары- кожны па 800 кг!
Крыніца: Zbyryt A., Dylewski Ł., Neubauer G. 2021. Mass of white stork nests predicted from their size: Online calculator and implications for conservation. Journal for Nature Conservation, 60, 125967. https://doi.org/10.1016/j.jnc.2021.125967
Паводле PTOP - Polskie Towarzystwo Ochrony Ptaków (тэкст і здымкі важэння) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Польшча ўжо не першая па колькасці белых буслоў?
БЕЛЫЯ БУСЛЫ, ЯКІЯ ЗАСТАЛІСЯ Ў НАС НА ЗІМУ - ЦІ ТРЭБА ІХ РАТАВАЦЬ?
Будучыня белых буслоў – наша смецце?
Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты
Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?
Самы стары нямецкі белы бусел наведаў Чэхію
У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ