Харчаванне белых буслоў (Ciconia ciconia) на нашых звалках – добра вядомы фенамен апошніх дзесяцігоддзяў, які прывёў не толькі да значнага павелічэння гняздуючых папуляцый віда, напрыклад, у Партугаліі і Гішпаніі, але і да паступовага знікнення міграцыйных пералётаў у Афрыку буслоў з гэтых краін. І вось адна перавага харчавання на звалках была даказана і для буслоў з Паўночнай Афрыкі.
Каманда навукоўцаў з Алжыра і Гішпаніі правярала і параўновывала розныя параметры размнажэння на працягу трох сезонаў на 70 гнёздах белых буслоў у Паўночным Алжыры, дзе гэты від гняздуе каланіяльна. Між іншым, правяралі памер і аб’ём адкладзеных бусламі яек, пазначалі парадак іх адкладкі і поспех вылуплення. Гнездавыя калоніі размяшчаліся недалёка ад курыных фермаў і таму дарослыя буслы мелі доступ да дадатковага харчавання – аналагічна да тых птушак, якія харчуюцца на сметніках.
У тых відаў птушак, якія маюць яўна розную колькасць даступнай ежы ў розныя гнездавыя сезоны, самкі не толькі могуць адкладваць розную колькасць яек, але і змяншаць памеры апошніх яек у кладцы. Гэта дазваляе ў выпадку неабходнасці і асінхроннага вылуплення птушанят (калі наседжванне пачынаецца пасля адкладкі першага ці першых яек), параўнальна хутка змяншаць іх колькасць за кошт апошняга ці апошніх, не затрачавючы на іх шмат уласнай энергіі і рэсурсаў. Калі ж самка мае доступ да дадатковай ежы, яна не толькі можа павялічыць колькасць адкладзеных яек, але і памер апошніх з іх будзе вельмі падобны на памер першых. Такім чынам, шанцы на выжыванне апошніх птушанят павялічваюцца і гэтыя пераменныя існуюць для лепшай адаптацыі буслоў да лакальных умоваў на пачатку гнездавання.
Аказалася, што калі самкі мелі доступ да дадтковай ежы “са сметнікаў”, усе адкладзеныя імі яйкі ў адной кладцы мелі падобныя памеры і смяротнасць апошніх (чацьвёртых і пятых) птушанят была ў сярэднім меншай у два разы ў параўнанні з кладкамі, дзе апошнія яйкі мелі меншыя памеры ў параўнані з першымі.
Доступ да дадатковага харчавання на звалках у перыяд перад адкладкай яек дае магчымасць самкам буслоў павялічыць памеры і аб’ём апошніх яек у кладцы і, адпаведна, масу апошніх птушанят пасля вылуплення. Гэта, у сваю чаргу, павялічвае іх шанцы на выжыванне пры часовым недахопе ежы.
Крыніца:
Sofia Djerdali, José Guerrero-Casado & Francisco S. Tortos Food from dumps increases the reproductive value of last laid eggs in the White Stork Ciconia ciconia. Bird Study Volume 63, 2016: 107-114 https://doi.org/10.1080/00063657.2015.1135305
Паводле www.tandfonline.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак буслоў на гарадзенскай звалцы яго ж
На гэтую тэму:
Будучыня белых буслоў – наша смецце?
Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты
Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?
Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ