Белыя буслы з Германіі і Аўстрыі: у першы год жыцця загінулі 9 з 10

З-за дзейнасці чалавека ў апошнія дзесяцігоддзі адбываюцца змены клімату і навакольнага асяроддзя, якія маюць непараўнальную з ранейшымі хуткасць і пагражаюць існаванню мігруючых птушак. Сутыкаючыся з новымі выклікамі, віды з разнастайнымі і пластычнымі міграцыйнымі паводзінамі павінны ў меншай ступені змяншаць сваю колькасць, бо адказваюць на хуткія змены навокал зменамі ў паводзінах.

Для белых буслоў (Ciconia ciconia) яўныя змены ў міграцыйных паводзінах былі масава адзначаны на Іберыйскім паўвостраве з сярэдзіны 1990-х, калі мясцовыя птушкі перасталі ўвогуле адлятаць на зіму і ўвесь час трымаюцца на або побач мясцовых звалак смецця. Акрамя параўнальна лёгкага доступа да нашых рэштак на звалках, шырокараспаўсюджаны інвазійны чужародны від прэснаводных крэветак Procambarus clarki таксама дазваляе мясцовым птушкам мець стабільную кармавую базу. Такім чынам, зімоўка паблізу месцаў гнездавання ў Еўропе дазваляе не толькі эканоміць значную энергію на пералётах, але і ў адпаведных месцах мець пастаянна даступную ежу.

Як і ў многіх іншых відаў птушак, якія могуць жыць параўнальна доўга, у белых буслоў найбольш цяжкі час – першы год жыцця.

На індывідуальным узроўні варыяцыі ў міграцыйных паводзінах могуць адпавядаць адрозненням у агульным фізічным стане птушкі і адпаведна ўздзейнічаць на дэмаграфічную дынаміку папуляцыі. Атрымалася, што хутчэйшая міграцыя і зімоўка бліжэй да месца вылету (84.2% усіх буслоў з лоджэрамі засталіся зімаваць у Еўропе або Паўночнай Афрыцы) адпаведна прывялі да іх меншай смяротнасці.

З 2013 па 2017 год каманда нямецкіх навукоўцаў размясціла 193 лоджэра GPSACC на маладых белых буслоў у пяці розных рэгіёнах Германіі і Аўстрыі. Усе прылады запісвалі дакладныя каардынаты месцазнаходжання птушак і таксама іх паскарэнне ў трох вымярэннях 18 гадзін на працягу сутак (з 2:00 да 20:00) у інтэрвалах ад 1 да 20 хвілін. З аналізу былі выключаныя 13 птушанят, якія загінулі на гнёздах да вылету; 5 птушанят з Баварыі, якія паляцелі на зімоўку т.зв. усходнім шляхам праз Усходнюю Еўропу і Ізраіль ва Усходнюю Афрыку і яшчэ 6 птушак з-за тэхнічных праблем з лоджэрамі. Усяго ж для аналізу былі выкарыстаныя дадзеныя ад 169 птушанят.

Усе гэтыя буслы паляцелі на зімоўку т.зв. заходнім міграцыйным шляхам праз Гіблартар у Сахель або на ўзбярэжжы  Заходняй Афрыкі. Аднак далёка не ўсе з іх даляцелі туды - 84.9% ад усіх загінулых у першы год жыцця птушак загінулі ў Еўропе. Прычым найбольш небяспечным перыядам у жыцці маладых буслоў была менавіта першая міграцыя – імавернасць загінуць пад час яе была найбольшая у яе 31-79 дзень. Пасля дасягнення месцаў зімоўкі, смяротнасць рэзка змяншалася. Аднак агулам на працягу першага году жыцця загінула 87,5% маладых буслоў!

Пасля вылету з гнёздаў, але да пачатку міграцыі, загінулі 18 са 169 маладых буслоў.

І хаця больш паспяховыя буслы адляталі на зіму на меншыя адлегласці ад месцаў гнездавання, дзе маглі карыстацца з даступнай ежы і прывабных тэмператур Паўднёвай Еўропы, навукоўцы адзначылі, што большая дзённая актыўнасць пад час пералётаў і зімоўкі змяншала імавернасць загінуць. Магчыма гэта звязана з тым, што для лунаючых птушак энергетычныя кошты пералётаў зусім нязначныя, а большая дзённая актыўнасць ускосна сведчыць пра больш паспяховае харчаванне птушак. І хаця папярэднія даследаванні паказалі, што буслы з меншай дзённай лётнай актыўнасцю выжывалі лепш, атрыманыя ў гэтай рабоце вынікі не могуць наўпрост быць параўнаныя, бо актыўнасць птушак мералася не толькі як палёт, але і як любыя перамяшчэнні птушак.

Як і для многіх іншых відаў, было знойдзена, што больш позні вылет з гнязда быў звязаны з большым узроўнем смяротнасці тпушанят. Ні іх пол, ні чарговасць вылуплення, ні колькасць сіблінгаў у гняздзе ні нават дата пачатку міграцыі не ўздзейнічалі на імавернасць смяротнасці ў кароткачасовай перспектыве. Магчыма так адбывалася таму, што буслы могуць пасля вылету з гнязда – калі маюць для гэтага адпаведны час – кампенсаваць недастатковую масу цела.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя працяглыя засухі ў Сахеле мелі значны негатыў эфект на заходніх субпапуляцыях віда, якія там зімавалі. І хаця кліматычныя ўмовы на месцах зімоўкі там паступова паправіліся, прэс паляўнічых значна ўзрос і 41.67% буслоў, якія зімуюць у рэгіёне Сахель на поўдзень ад Сахары, выбіваюцца мясцовымі жыхарамі. Таму выглядае, што колькасць маладых буслоў, якія пачнуць зімаваць у Еўропе з-за іх большай выжывальнасці тут пачне павялічвацца. Да таго ж дарослыя птушкі, якія зімуюць недалёка ад месцаў гнездавання ці нават зусім не адлятаюць з іх на зіму, маюць перавагі пад час наступнага гнездавання. А з узростам адлегласць, на якую яны ляцяць на зімоўку, паступова змяншаецца. Таму навукоўцы прагназуюць паступовае павелічэнне колькасці і маладых, і дарослых белых буслоў, якія будуць зімаваць у Еўропе.

Крыніца:

Cheng Y, Fiedler W, Wikelski M, Flack A. “Closertohome” strategy benefits juvenile survival in a longdistance migratory bird. Ecol Evol. 2019;00:1–8. https://doi.org/10.1002/ece3.5395

 

Паводле www.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Харчаванне на звалках дапамагае белым буслам павялічыць поспех размнажэння

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Белыя буслы, якія засталіся ў нас на зіму - ці трэба іх ратаваць?

Польскія арнітолагі дамагліся абяцання ад уладаў Лівану змагацца з браканьерамі

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Моладзь выбірае ўласны шлях і дзякуючы ёй магчымыя змены месца зімоўкі