Пра самку дубальта, якой не дапамагла самаахвярнасць і вытрымка

У рамах праекту LIFE па вывучэнню і ахове дубальта (Gallinago media) ва Усходняй Польшчы, акрамя разнастайных асаблівасцяў біялогіі і экалогіі гнездавання, міграцыі і зімоўкі віда, даследчыкі таксама шукаюць гнёзды, каб лепш зразумець выбар самкамі біятопаў для размяшчэння гнязда. У гэтым сезоне ў Люблінскім ваяводзтве адна з самак аказалася вельмі вытрымалай і самаахвярнай, але гэта ёй, на жаль, не дапамагло ў гнездаванні.

Самкі дубальтаў вядомыя тым, што вельмі шчыльна наседжваюць свае кладкі. У час інкубацыі яны праводзяць на гняздзе у сярэднім каля 90% часу, а бываюць дні, што і 99%. Гэта магчыма дзякуючы тром асноўным фактарам: крыптычнай афарбоўцы, размяшчэнню гнёзд паблізу месцаў харчавання і таму, што перад пачаткам інкубацыі самкі назапашваюць значныя запасы тлушчу. Сярэдняя адлегласць, на якой самкі сыходзяць, ці хутчэй узлятаюць з гнязда, складае толькі каля 1 метра! Гэта, канешне, мае свае плюсы – патэнцыйны драпежнік павінен дакладна выйсці на гняздо каб знайсці яго, што вельмі цяжка, і мінусы – часам самкі становяцца ахвярамі драпежнікаў, бо рэагуюць на іх з’яўленне каля гнязда запозна.

На прыканцы мая, з дапамогай цеплавізараў, атрымалася знайсці гняздо дубальта на балоце Кароўе багна. Пасля праверкі кладкі было ўсталявана, што яе інкубацыя пачалася  хутчэй за ўсё 18 мая.

Праз тры тыдні, 17 чэрвеня, калі даследчыкі паспрабавалі забраць з гнязда логер тэмпературы і вільготнасці, аказалася, што самка яшчэ наседжвае кладку, хаця ад пачатку інкубацыі мінуў ужо месяц, а звычайны час наседжвання яек дубальта да вылуплення птушанят гэта 22-24 дні. Аднак і на гэтым гісторыя не скончылася – даследчыкі заставілі ўсе датчыкі і пазней дзякуючы ім даведаліся, што самка наседжвала кладку як мінімум яшчэ 10 дзён – пазней логер перастаў працаваць. Калі гняздо праверылі 15 ліпеня, то ў ім знайшлі шкарлупінне ад 3 з’едзеных драпежнікамі яек і яшчэ адно з загінулым у ім птушанём.

графікі

Запісаныя логерам дадзеныя дазволілі рэканструяваць асноўныя падзеі на гнядзе: на жаль, пасля працяглых дажджоў, 11 чэрвеня, адбылося падтапленне гнязда. Самка спрабавала ратаваць кладку, дакладаючы гнездавы матэрыял і не кінула яе, працягваючы наседжваць яйкі. Аднак з-за таго, што гняздо апынулася ў вадзе, адбылося пераахалоджанне яек і зародкі занінулі. Самка не кінула яйкі і пасля таго, як разумныя (з нашага пункту погляду) тэрміны інкубацыі скончыліся ў надзеі, што птушаняты ўсё ж вылупяцца. Аднак гэтага так і не здарылася.

Паводле www.dubelt.org (тэкст і графікі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Паўла Лычкоўскага

 

 

На гэтую тэму:

Дубальт вярнуўся ў Польшчу пасля таго, як праляцеў 2 тысячы км на поўдзень

ДУБАЛЬТЫ ПАД ЧАС МІГРАЦЫІ МОГУЦЬ ЛЯЦЕЦЬ НА ВЫШЫНІ АД 6 ДА АМАЛЬ 9 КМ!

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO