Дубальты пад час міграцыі могуць ляцець на вышыні ад 6 да амаль 9 км!

Некалькі фактараў ўздзейнічаюць на выбар вышыні палёта птушкамі пад час міграцыі: асаблівасці мясцовасці, над якой яны ляцяць; тэмпература паветра; сіла і кірунак ветра; вільготнасць паветра; неабходнасць арыентацыі па асаблівасцям ландшафта; пазбяганне драпежнікаў і перагрэву ад сонца. Нядаўнія даследаванні паказалі, што птушкі могуць значна змяняць вышыню палёта і гэта больш звычайная справа, чым мы маглі меркаваць дагэтуль, таксама як і вышыні, на якіх яны ляцяць, раней было цяжка сабе ўявіць.

Прычыны значных зменаў вышыні птушкамі не вельмі зразумелыя. Вялікая міжнародная каманда навукоўцаў са Швецыі, Нідэрландаў і Польшчы з дапамогай мініятурных дата-лоджэраў вагой 1 грам адсочвала асаблівасці міграцыі 14 дубальтаў (Gallinago media) са Швецыі ў суб-сахарыйскую Афрыку, пад час якой птушкі пераадольвалі без пасадкі адлегласці ў 4000–7000 км за 60-90 гадзін.

Для пералётаў уначы дубальты выкарыстоўвалі вышыню каля 2 км над узроўнем мора, аднак удзень вышыня палёта павялічвалася ў сярэднім да 4 км, а большасць птушак рэгулярна падымаліся і вышэй – і ляцелі на вышыні каля 6 км. А адзін з кулікоў даволі працяглы час ляцеў нават на вышыні ў 8,7 км – гэта адна з рэкордных вышынь для вядомых нам, зарэгістраваных пад час міграцыі птушак.

мапа-схема

Схематычныя маршруты пералётаў дубальтаў са Швецыі на месцы зімоўкі і назад.

Увосень птушкі ляцяць або нон-стоп (тоўстыя чырвоныя лініі) з месцаў гнездавання ў рэгіён Сахель (месцы адпачынку восенню), або робяць ад адной да некалькіх кароткіх пералётаў на поўначы Еўропы, а ўжо потым без прыпынку ляцяць праз Сахару (штрыхавыя чырвоныя лініі).

Прыкладна праз месяц дубальты ляцяць ужо на месцы зімоўкі далей на поўдзень.   

Вясной птушкі ляцяць з іх нон-стоп у паўднёва-усходнюю Еўропу (тоўстыя блакітныя лініі), адкуль больш кароткімі пералётамі вяртаюцца на месцы гнездавання (чорныя тонкія штрыхавыя лініі).  Паводле www.naturalearthdata.com

Прычыны падобных паводзін птушак не зусім зразумелыя. Яны могуць быць звязаныя з лепшай арыентацыяй над сушай ў светлы час сутак з большай вышыні, чым у начны час. Увогуле палёт на меншай вышыні можа зрабіць больш лёгкай абнаружэнне добрага месца для “аварыйнай пасадкі” птушкі для адпачынку і харчавання, аднак для дубальтаў такія месцы яўна непатрэбныя, асабліва ў першыя ночы пасля пачатку міграцыі, таму што яны стараюцца пераадолець усю неабходную адлегласць без прамежкавых пасадак. Да таго ж у выпадку неабходнасці месцаў для адпачынку, птушка можа без праблем спусціцца ніжэй звычайнай вышыні палёту, а не ляцець пастаянна ніжэй, чым вышыня, на якой яна адчувае сябе камфортна.

Іншай прычынай ляцець удзень на значна большай вышыні, чым уначы можа быць пазбяганне дзённых драпежнікаў, найперш сокалаў Элеаноры (Falco elenonorae) і сокалаў-падарожнікаў (F. peregrinus). Першы від добра вядомы паляваннем на вышынях нават да 3,5 км , асабліва ў першыя гадзіны пасля ўсходу сонца. Аднак гэты від звычайна палюе на птушак значна меншага памеру і распаўсюджаны толькі ў Міжземнаморскім рэгіёне. Наколькі важным можа быць пазбяганне іншых паветраных драпежнікаў пад час пералёту дубальтаў яшчэ трэба вывучаць.

Большасць міграцыйных пералётаў птушак адбываецца ў т.зв. ніжнім слаі атмасферы, які знаходзіцца на вышыні да 2 км над узроўнем мора. У гэтым слаі паветра дзённыя і начныя тэмпературы могуць значна адрознівацца. З-за высокіх тэмператур, асабліва пад час палёту, птушкі могуць перагравацца і траціць зашмат вады на ахалоджванне арганізму, таму існуюць два асноўныя выйсці – або не ляцець удзень, або падымацца ў гэты час вышэй. Дубальты ляцяць уначы значна вышэй за ніжні слой атмасферы, і перапады тэмпературы там нязначныя, а таксама амаль адсутнічае вецер.  

Аднак толькі ваганнямі тэмпературы паміж днём і ноччу нельга цалкам растлумачыць змены вышыні палёта ў дубальтаў.

Некалькі кулікоў з перадатчыкамі параўнальна працяглы час ляцелі на вышынях большых за 6 км, а дубальт-рэкардсмен дасягнуў вышыні ў 8,7 км! Аднак найбольш уражвае, што гэтая птушка працявала ляцець на вышыні больш за 8 км (8077 м) на працягу пяці гадзін!

Дагэтуль найбольш высокая міграцыя была зарэгістраваная для лебедзяў-клікуноў (Cygnus cygnus), якія былі адзначаныя пад час пералёту групай паміж Ісландыяй і Шатландыяй на вышыні 8200 метраў. Рэгулярныя назіранні за міграцыяй птушак з дапамогай радара у пустыні Негев (Ізраіль) паказалі, што там птушкі рэгулярна ляцелі на вышыні ад 5 да 7,5 км, а адна дасягнула вышыні ў амаль 9 км, але яны не былі вызначаныя да віду.  Рэкорднай вышынёй палёта для птушак застаецца сіп Рюппелля (Gyps rueppellii), які на вышыні ў 11 км сутыкнуўся з самалётам.  

На вышынях вышэй 6 км трымаюцца тэмпературы ніжэй -200 С, а дадатковы ахалоджваючы эфект атрымліваецца з-за патока паветра, які прапарцыйны хуткасці палёту птушкі; нізкая канцэнтрацыя кісларода ў паветры і нізкі паветраны ціск (350 hPa), а таксама высокі ўзровень ультрафіялетавага апраменьвання. Пералётныя птушкі могуць ляцець актыўным палётам у падобных экстрэмальных умовах дзякуючы некалькім фізіялагічным адаптацыям у будове сэрца, лёгкіх і мышц. Дадаткова здзіўляе тое, што па-за некалькімі суткамі амаль безпасадачных і параўнальна хуткіх пералётаў пад час вясновай і восеньскай міграцый, увесь пазасталы год дубальты праводзяць на вышынях не большых, чым 1,5 км над узроўнем мора і ляцяць у экстрэмальных умовах і вышынях без дадатковай акліматызацыі ці нейкіх трэніровак.

Хаця на сённяшні дзень апублікаваныя толькі адзінкавыя даследаванні міграцыйных палётаў птушак на рэкордных вышынях, аднак усе з іх сведчаць пра значную змену імі вышыні пералётаў паміж днём і ноччу. Вельмі магчыма, што з развіццём неабходных для падобных даследаванняў мініятурных тэхнічных прыладаў атрымаецца даведацца значна больш пра гэты аспект міграцыі птушак і нашы ўяўленні пра вышыні палёту большасці відаў могуць значна змяніцца. А таксама мы зможам зразумець перавагі, якія мігранты атрымліваюць на падобных экстрэмальных вышынях.

 

Крыніца: Lindstrom et al. 2021, Extreme altitude changes between night and day

during marathon flights of great snipes // Current Biology 31, 2021 https://doi.org/10.1016/j.cub.2021.05.047

 

Паводле www.cell.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Зуёнка

 

 

На гэтую тэму:

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

НАЧНЫЯ МІГРАНТЫ МОГУЦЬ ЛЯЦЕЦЬ ДНЁМ НА ВЫШЫНІ БОЛЬШ 6000 МЕТРАЎ!

Дробны не значыць слабы: вераб’іныя птушкі могуць ляцець вельмі высока

Качкі-огары ляцяць па-над Гімалаямі на рэкорднай вышыні!

Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных

Некаторыя палявыя падкаменкі вандруюць яшчэ далей, чым меркавалася

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!