Начныя мігранты могуць ляцець днём на вышыні больш 6000 метраў!

Міжнародная каманда даследчыкаў дзякуючы выкарыстанню мульцісенсарных прыладаў змагла вызначыць месцы, дзе вераб’іныя птушкі з пераважна начным тыпам міграцыі вымушаныя ляцець удзень пад час сезонных пералётаў на месцы зімоўкі і назад. Аказалася, што над морам і пустынямі дробныя птушкі могуць ляцець на вышыні нават большай за 6000 метраў!

Падобныя паводзіны дапамагаюць птушкам пазбегнуць высокіх тэмператур паветра над паверхняю пустыні і драпежнікаў ці іншых небяспек пад час пералёту ўдзень. Тры гады таму амаль тыя ж даследчыкі ўпершыню адзначылі падобныя, хаця і значна меншыя вышыні пад час міграцыі вераб’іных птушак і вось цяпер аказалася, што гэта хутчэй заканамернасць, а не выключэнне.

Навукоўцы з факультэту біялогіі універсітэту Лунда (Lund University, Швецыя), Цэнтра макраэкалогіі, эвалюцыі і клімата Globe Institute і універсітэта Копенгагена (Данія), а таксама Цэнтра прыродных даследаванняў у Вільнюсе (Літва) выкарысталі самыя сучасныя прылады, каб атрымаць унікальную інфармацыю пра асаблівасці міграцыі вераб’іных птушак. Усяго былі атрыманы дадзеныя з дата лоджэраў, якія важаць разам з геалакатарам 1,2 г і былі распрацаваныя спецыялістамі універсітэту Лунда. Іх размясцілі на 14 дроздавых чаротаўках (Acrocephalus arundinaceus), якія летам былі адлоўлены на возеры Kvismaren, недалёка ад Стакгольма (Швецыя). Акрамя стандартных для геалакатараў дадзеных аб працягласці цёмнай і светлай часткі сутак і даце, па якіх можна параўнальна дакладна вызначыць каардынаты месцазнаходжання птушкі, штогадзіну лоджэр таксама запісваў вышыню палёта чаротавак.

Мільёны вераб’іных птушак–начных мігрантаў хаця б частку свайго міграцыйнага шляху вымушаныя пракладваць над морам і-ці пустынямі. Аказалася, што дроздавыя чаротаўкі, пераважна начныя мігранты, ляцяць таксама ўдзень над Міжземным морам і Сахарай. Гэта тыя мясціны, якія лепш праляцець без прыпынку і для гэтага птушкі выкарытоўваюць безпасадачны пералёт пакуль не пераадолеюць іх. Але зусім нечакана дзякуючы інфармацыі, атрыманай з геалакатараў з мульцісенсарамі атрымалася, што у падобных дзённых пералётах птушкі змяняюць сярэднюю начную вышыню ў 2394 метры над узроўнем мора на невядомую дагэтуль для птушак раўнін сярэднюю 5367 метраў н.у.м.! Прычым зафіксавана і максімальная вышыня ў 6267 метраў н.у.м. менавіта пад час дзённага пералёту!

“Чым вышэй птушкі падымаюцца, тым халадней там. І на вышыні 5.400 метраў тэмпература паветра каля -9°C. Гэта на 22 градусы менш, чым тэмпература пад час іх начных палётаў на вышыні прыкладна 2.400 метраў” – сказала Sissel Sjöberg, галоўная аўтарка артыкулу.

Апісанне падобных, дагэтуль невядомых паводзін пад час міграцыі ўдзень пераважна начнымі мігрантамі можа быць звязана, акрамя высокіх дзённых температур над паверхняй пустынь таксама паасобна ці хутчэй у нейкай камбінацыі з вятрамі, абмежаваннем далягляду, драпежнікамі і сонечнай радыяцыяй. Аднак дакладныя прычыны падобных паводзін чаротавак застаюцца незразумелымі хаця і могуць дапамагчы зразумець і растлумачыць узнікненне начных міграцый у розных груп птушак.

Крыніца: Sissel Sjöberg et al  2021 Extreme altitudes during diurnal flights in a nocturnal songbird migrant. Science  07 May 2021: Vol. 372, Issue 6542, pp. 646-648

DOI: 10.1126/science.abe7291

Паводле www.science.sciencemag.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Міграцыя вяртлявых чаротавак і значэнне для птушак магчымых месцаў адпачынку ў Сахары

Дробны не значыць слабы: вераб’іныя птушкі могуць ляцець вельмі высока

Качкі-огары ляцяць па-над Гімалаямі на рэкорднай вышыні!

Трансакеанічныя пералёты пацверджаны яшчэ для аднаго віду вераб’іных

Некаторыя палявыя падкаменкі вандруюць яшчэ далей, чым меркавалася

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!

Дзе зімуюць і як туды ляцяць вяртлявыя чаротаўкі з Літвы і Паўночнай Беларусі

Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных