Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Негледзячы на тое, што з 1899 г. (калі пачалося кальцаванне птушак металічнымі кольцамі), імі былі пазначаны сотні мільёнаў асобін і была даказана бяспечнасць працэдуры адлову птушак для гэтага, дадзеныя, якія былі атрыманы дзякуючы гэтаму метаду, застаюцца для многіх відаў вельмі абмежаванымі. Адначасова масавасці размяшчэння спадарожнікавых перадатчыкаў, якія даюць магчымасць атрымліваць вялікі масіў дадзеных, перашкаджаюць іх вялікія кошты і вага саміх перадатчыкаў. Таму вельмі важнымі застаюцца іншыя тэхнічныя прылады для вывучэння міграцый дробных птушак – мініатурныя геалакатары. Аднак дагэтуль не было вядома, наколькі яны бяспечныя. 

Геалакатары – прылады, якія запамінаюць дату і час узыходу і закату сонца, дзякуючы чаму з параўнальна добрай дакладнасцю можна вылічыць каардынаты месца, дзе знаходзіўся гелакатар, і, адпаведна, птушка якая яго мела. На жаль, для розных месцаў дакладнасць розная і адрозніваецца ад сапраўдных каардынат месцазнаходжання птушак ад 200 да 500 км, аднак дзякуючы нават такім дадзеным можна атрымаць штодзённыя звесткі пра трасу пралёта і месца зімоўкі птушкі з геалакатарам, тады як ад толькі акальцаваных птушак мы ведаем толькі месца кальцавання і перааадлову (знаходкі). Аднак мінус геалакатараў у тым, што для таго, каб сцягнуць назапашаныя ім дадзеныя, птушку з ім неабходна злапаць наноў. Бо мініятурная батарэя – каб зрабіць вагу геалакатара мінімальнай – мае недастатковую моц, каб самастойна перадаваць дадзеныя.

Памер, маса, дызайн і метад замацавання геалакатара могуць моцна змяняць эфект яго ўздзеяння на птушку. Сам геалакатар і цясьма, з дапамогай якой ён мацуецца, могуць змяняць цэнтр цяжкасці птушкі ў палёце, змяншаючы яе манеўранасць. Акрамя гэтага, геалакатар і цясьма могуць чапляцца за расліннасць ці змяншасць даступнасць пер’я пад час яго чысткі дзюбай або пальцамі ног.

Для таго, каб праверыць наколькі бяспечным для птушак ёсць выкарыстанне геалакатараў, даследчыкі размясцілі іх на 156 лугавых ерчыках (Saxicola rubetra). Дадаткова як кантрольная група служылі 316 ерчыкаў з індывідуальнымі каляровымі пластыкавымі кольцамі, за якімі можна было сачыць і вызначаць камбінацыі калец з дапамогай оптыкі. Птушкі з Усходняй Еўропы ляцелі на зімоўку ў Нігерыю (Афрыка), таму могуць лічыцца далёкадыстанцыйнымі мігрантамі. Пасля зімоўкі ерчыкі вярталіся на месцы гнездавання; назіранні за імі праводзіліся на працягу двух паслядоўных гадоў.

Эксперыментальна змянялі даўжыню цясьмы, якой мацавалі геалакатар і яе матэрыял, а таксама вагу прылады. Цалкам геалакатар разам з мацаваннем важыў у залежнасці ад масы птушкі і даўжыні цясьмы ў сярэднім 0,63 г, што складала паміж 2.5 і 5.3% (у сярэднім – 4,1%) ад масы ерчыка.

Не атрымалася знайсці статыстычна пацверджаных адрозненняў таго, што параўнальная зацягнутасць цясьмы геалакатара або нязначная дадатковая маса прылады ўздзейнічаюць на выжывальнасць птушак і ў параўнанні з кантрольнай групай (з пластыкавымі кольцамі), хаця падобна на тое, што большая зацягнутасць vs эластычнасць і большая маса прылады vs меншая маса могуць змяншаць выжывальнасць. Аднак больш туга цясьма зацягвалася на прыканцы даследавання, таму птушкі з ёй могуць паказаць змяншэнне выжывальнасці таксама пазней.  

Як агульную выснову, аўтары даследавання рэкамендуюць не выкарыстоўваць неэластычную цясьму для мацавання геалакатара нават не столькі для таго, каб змяншаць смяротнасць птушак, як для таго, каб значна эканоміць час прымацавання геалакатара. Апошнія могуць выкарыстоўвацца для вывучэння перамяшчэнняў птушак без павелічэння іх смяротнасці пры ўмове таго, што агульная вага замацаванай прылады не перакрочыць агульнапрыняты 5% бар’ер масы цела птушкі.

Крыніца:

Blackburn Е., M. Burgess, B. Freeman, A. Risely, A. Izang, S. Ivande,, Ch. Hewson and W. Cresswell (2016) Аn experimental evaluation of the effects of geolocator design and attachment method on between-year survival on whinchats Saxicola rubetra. Journal of Avian Biology. Article first published online: 1 FEB 2016 DOI: 10.1111/jav.00871

 Паводле www.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак лугавога ерчыка (самца) - Аляксандра Эрдмана

 

На гэтую тэму:

На зімоўку вярнуліся 2 качкі з 23

НОВЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ДАПАМАГАЮЦЬ АТРЫМАЦЬ ВАЖНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ ДЛЯ АХОВЫ ПТУШАК

Новыя рэкорды куліка-каменешаркі

Доўгая дарога дадому

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

ЧАМУ ПТУШКІ ВЯРТАЮЦЦА ШТОГОД УСЁ РАНЕЙ?